Выбары-2018: галасы падлічаць «як трэба»


У Беларусі скончылася фармаванне акруговых выбарчых камісіяў для правядзення мясцовых выбараў 18-га лютага наступнага года. Менавіта гэтыя органы будуць рэгістраваць кандыдатаў на выбары, прымаць скаргі ды развязваць большасць арганізацыйных пытанняў. На працу ў больш як 18 тысячах выбарчых акругаў былі абраныя каля 10500 чалавек.

Ад апазіцыі ў камісію трапілі адзінкі

У большасці месцаў галасаванне праходзіла паводле спісу, а не за асобных кандыдатаў, бо асаблівай канкурэнцыі не было. Там жа, дзе на месца ў камісіі прэтэндавалі прадстаўнікі апазіцыйных партыяў, нейкім магічным чынам кандыдатаў станавілася болей. З прычыны чаго апанентам улады, за мізэрным выключэннем, месцаў у камісіях не хапіла.

Улічваючы досвед папярэдніх выбараў і той факт што я адзіная абраная з 55-ці кандыдатаў у магілёўскай вобласці, чакаць шмат не варта.

Статыстыка кажа: лаяльнасць да ўлады мае значэнне

Шанец праўладнага кандыдата, каб стацца чальцом акруговае камісіі 9 з 10-ці, у апазіцыйнага кандыдата менш чым адзін з пяці. Ва ўладзе такі палітычны расклад непакою не выклікае.

Лідзія Ярмошына даўно сфармавала ідэю: камісія – працоўны орган, дзе ўсім павінна быць утульна і камфортна і ніхто не павінен перашкаджаць.

Складаецца камфортная для дзейнага палітычнага рэжыму сітуацыя

Гэтак, напрыклад, у Берасцейскай вобласці з 760-ці кандыдатаў на чальцоў акруговых камісіяў – 95 % гэта «правераныя» людзі, якія працавалі на беларускіх выбарах і раней. А калі арбітры тыя ж, то ці можа быць іншы вынік выбараў?

«Можа!», – кажуць у апазіцыі!

«Ёсць меркаванне, што некалькі кандыдатаў ад палітычных партыяў могуць уключыць у так званы спіс дэпутатаў. Гэта звязана з гэтак званай паказушнай лібералізацыяй», – спадзяецца Антаніна Кавалёва, намесніца старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Летась падчас парламенцкіх выбараў у Палату прадстаўнікоў трапіла адная прадстаўніца апазіцыйнае партыі і адная незалежная апазіцыйная кандыдатка. Справа ў галоўнай таямніцы беларускіх выбараў – працэсе падліку галасоў.

А таму і пытанне колькасці чальцоў той ці іншай палітычнай партыі ў акруговых камісіях – другаснае.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum