Выбары-2016: парушэнні былі, але казаць пра іх забаронена


Прызнаць вынікі галасавання на парламенцкіх выбарах несапраўднымі. Гэткія патрабаванні працягваюць высоўваць прадстаўнікі апазіцыі. Сябры партыі «Справядлівы свет» і былыя кандыдаты ў дэпутаты Сяргей Калякін і Віктар Міхальчык спрабавалі дамагчыся ад Цэнтральнай выбарчай камісіі адмены вынікаў выбараў на сваіх акругах з прычыны шматлікіх парушэнняў. Аднак ЦВК прызнала іхныя скаргі неабгрунтаванымі.

«Працэдуры непразрыстыя, таму вельмі складана атрымаць нейкія фактычныя доказы парушэнняў. Звычайны назіральнік, кандыдат або давераная асоба бачаць падзеі, якія лічацца парушэннямі. Але на гэта няма нейкіх афіцыйных дакументаў», – звяртае ўвагу Алег Гулак, Беларускі Хельсінкскі Камітэт.

ЦВК ведае пра грубыя парушэнні, але ўсяляк замінае агалошваць іх. У гэтым перакананыя тыя, хто пільна сачыў за хадою парламенцкіх выбараў. Паводле былых кандыдатаў і назіральнікаў, у самім Менску выпадкі фальсіфікацыяў лічацца сотнямі.

«На нашым участку быў увогуле скандал. У школе, дзе месціліся чатыры ўчасткі, абвесцілі надзвычайную сітуацыю, выклікалі МНС, усіх эвакуявалі за тры хвіліны. У той жа час усе скрыні засталіся без дагляду. Адбывалася абсалютнае бязладдзе», – сведчыць былая кандыдатка ў дэпутаты Вольга Маёрава.

Абскардзіць парушэнні немагчыма

Прадстаўнікі апазіцыі склалі цэлы спіс парушэнняў у сталіцы. Адмысловы зварот скіравалі Менскую гарадскую выбарчую камісіі. Аднак чыноўнікі адмовілі ў сустрэчы.

«Прыйшоў здзеклівы адказ: звесткі, якія вы прыводзіце ў сваёй заяве, грунтуюцца выключна на вашых здагадках і не пацвярджаюцца канкрэтнымі фактамі. Інакш як здзек я гэта не магу ацаніць», – абураецца Вольга Маёрава.

Падобнае стаўленне ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, пракуратуры і ў судах. Некаторыя скаргі засталіся без разгляду яшчэ з часу прэзідэнцкіх выбараў. Актывіст руху «За свабоду» з Берасця Дзяніс Турчаняк амаль год працягвае абіваць парогі самых розных установаў, каб агучыць факты грубых фальсіфікацыяў.

«Эксперымент, які атрымаўся на выбарчым участку № 60 падчас прэзідэнцкіх выбараў, давёў, што ўрну незаконна ўскрылі ды замянілі бюлетэні на фальшывыя. Паводле гэтага факту я накіраваў скаргу ў пракуратуру, але тая не разгледзела яе», – распавядае Дзяніс Турчаняк.

Не разгледзела скаргі і мясцовая выбарчая камісія

«Ніякага паседжання, дзе разглядалі б маю заяву, не адбылося. Камісія не зрабіла нічога. Усё гэта таму, што старшыня камісіі Янголенка схавала ад сябраў камісіі факт паступлення маёй заявы», – тлумачыць Дзяніс Турчаняк.

Прыцягнуць да адказнасці чыноўніцу аказалася таксама немагчыма. Спачатку суд Маскоўскага раёну, а сёння і Берасцейскі абласны суд адмовіўся разглядаць унесеную скаргу.

Ян Бабіцкі, «Белсат»