ВУП Беларусі расце. Ці адчуваюць гэта жыхары краіны?


Згодна з падлікамі Белстату валавы ўнутраны прадукт краіны павялічыўся з пачатку года на 0,9 адсотка. Калі дадаць да гэтага травеньскія звесткі аб росце намінальнага сярэдняга заробку на 0,8 адсотка, можна падумаць, што Беларусь выходзіць з перыяду доўгае рэцэсіі. Ці адчуваюць гэта жыхары краіны?

Жыхары Менску кажуць:

«Заробкі малыя а кошты высокія, неадпаведнасць коштаў заробкам».

«Падʼём? Рана казаць пра падʼём. Можа тэндэнцыя нейкая росту і ёсць, але толькі на будучыню ў мяне 34 гады стажу працоўнага а заробак 250 рублёў? Як так? Які рост? Падаем толькі».

Статыстыка даводзіць, што памер прамысловае вытворчасці за апошнія 5 месяцаў вырас на 6 %. 11 з 13 галінаў апрацоўчае прамысловасці таксама паказалі лепшыя вынікі, чымся летась. На 0,1%, але ўсё ж вырасла і сельская гаспадарка. Ці можна давяраць такой афіцыйнай статыстыцы?

«Апошнім часам Белстат не даваў прычынаў сумнявацца ў ягоных лічбах, таму прыходзіцца ў гэта верыць, пагатоў аніякіх іншых лічбаў мы не маем. Што да росту, то яго прычыны – у нізкай базе мінулага года, а таксама ва ўзнаўленні паставак нафты ў Беларусь з Расеі, а значыцца павялічыўся наш экспарт нафтапрадуктаў», – кажа старэйшы аналітык ALPARI Вадзім Іосуб.

Ці не атрымліваецца, што аналітыкі з міжнародных фінансавых установаў памыляліся адносна Беларусі? МВФ у сваім прагнозе на 2017 год прадбачыў падзенне айчыннага ВУПу на 0,8 %. Еўразійскі і Еўрапейскі банкі развіцця казалі пра паўадсоткавае падзенне.

«Асаблівасць міжнародных фінансавых арганізацыяў у тым, што яны рэдка пераглядаюць свае прагнозы. Калі апошнія прагнозы былі зробленыя 3 месяцы таму, яны базаваліся на звестках паўгадовае даўніны. Эканамісты там працуюць пісьменныя, але прагнозы ў іх спазняюцца», – старэйшы аналітык ALPARI Вадзім Іосуб.

Улады Беларусі аптымістычна рыхтуюцца да амаль двухадсоткавага росту гаспадаркі ў 2017 годзе. Эканамісты ж кажуць, што без сістэмных рэформаў у краіне якасна іншага ўзроўню жыцця не дасягнуць.

Жыхары Менску кажуць:

«Трэба больш свабоды прадпрымальнікам даць, падаткавыя нейкія ільготы».

«Я лічу што трэба развіваць турызм і гандаль».

«Трэба даць магчымасці тым, хто сам вытворчасцю займаецца».

Варта памятаць і пра тое, што з пачатку года афіцыйна армія беспрацоўных папоўнілася яшчэ 18-ю тысячамі беларусаў. Скарачэнні на прадпрыемствах працягваюцца, нягледзячы на патрабаванне Лукашэнкі працаўладкаваць усіх да 1 траўня, з якога мінула ўжо больш за 45 дзён.

 

Ігар Кулей, belsat.eu; фота – belarusiya.com