Вучэльня патрабуе ад сіраты амаль $ 4000


«Белсат» працягвае распавядаць аб праблемах самых неабароненых людзей. Асабліва тых, хто мусіў разлічваць на падтрымку дзяржавы і грамадства, але ў выніку бюракратыі і абыякавасці чыноўнікаў трапляе ў пазыковую яму. У Рэчыцы ліцэй спрабуе спагнаць з сіраты 7,5 тысячаў рублёў за навучанне.

Вячаслаў Гарленка – сірата. Ягонага бацьку пазбавілі бацькоўскіх правоў, а маці памерла ў сакавіку 2013-га. Пасля інтэрнату хлопец паступіў у Калінкавіцкі дзяржаўны прафесійны аграрна-тэхнічны ліцэй.

«Я скончыў вучобу па спецыяльнасці «электрагазазваршчык». Скончыў вучобу, скончыў практыку. Паехаў у Калінкавічы, забраў дыплом. Мне накіраванне на працу ніхто не даваў… Мне трэба была праца, але я ведаў, што ў сіротаў адпрацоўка неабавязковая. Я быў бы не супраць нават пайсці працаваць на гэтую адпрацоўку», – кажа Вячаслаў Гарленка.

Няма адпрацоўкі – заплаці кампенсацыю. Цяпер калінкавіцкі ліцэй праз суд спрабуе спагнаць з хлопца суму кошту за ягонае навучанне – больш за сем з паловаю тысячаў рублёў.

«Ён ніводнага дня не прыступіў да працы. Па ўказе тыя, хто прыступіў, адпрацаваў, ці нават не да канца і звольніўся, яны вызваляюцца ад выплаты кампенсацыі. А тыя, хто не прыступіў да працы, не вызваляюцца ад выплаты кампенсацыі», – тлумачыць дырэктар Калінкавіцкага ліцэю Мікалай Федарук.

На гэтай жа падставе, адзначае дырэктар ліцэю, не атрымаў хлопец і пад’ёмных, якія складаюць крыху больш за тысячу сто рублёў. Паводле яго, абсалютная большасць навучэнцаў-сіротаў атрымліваюць і працу, і падʼёмныя пасля заканчэння ўстановаў адукацыі. Гарленка ж кажа, што некалькі разоў прыязджаў у калінкавіцкі ліцэй, каб высветліць пытанні пра адпрацоўку і падʼёмныя, аднак уцямнага адказу гэтак і не дабіўся.

«Падчас маёй вучобы і ў інтэрнаце рэчыцкім, і ў Калінкавічах з заробку маіх бацькоў вылічвалі 25 %. Быў такі момант, што мой бацька застаўся без працы на пару месяцаў. Да яго прыехала міліцыя і адправіла яго ў ЛТП, патлумачыўшы гэта тым, што «ваш сын вучыцца ў Калінкавічах, за яго вучобу трэба неяк плаціць», – распавядае Вячаслаў Гарленка.

Выходзіць, адзін раз заплаціць мала. І на гэтым непрыемнасці для хлопца не канчаюцца. Гэтак, Гарленка хацеў стаць у чаргу на атрыманне жытла, якое гарантуецца сіротам, аднак атрымаў адмову – чыноўнікі пастанавілі, што ў Вячаслава сваё жытло ёсць – прыватны дом на ўскрайку Рэчыцы, за якім увесь час перабывання хлопца ў інтэрнаце і на вучобе мусілі сачыць менавіта мясцовыя ўлады.

«Ні вады, ні газу, ні святла няма, напэўна, з года 2009-10. Тут увесь час жылі бамжы, таму ён, пэўна, і згарэў», – кажа Вячаслаў.

Цяпер перад хлопцам стаіць шэраг дылемаў, якія не гэтак лёгка і развязаць. Паводле адмыслоўцаў, апошнім часам такіх выпадкаў у краіне здараецца ўсё больш.

«Мы бачым, што ў тэлевізары паказваюць, што ў нас сацыяльная дзяржава, усё добра. На самой справе ўсё сумна. У сіротаў гэтых пастаянна адбіраюць кватэры, не даюць працы, пад’ёмных вось чалавеку не далі, жыць адправілі ў згарэлы дом. То бок ніхто ні пра што не клапоціцца. Толькі думаюць, каб больш сарваць грошай у нашага народу», – лічыць грамадскі актывіст Алег Шабетнік.

Такім чынам, на паперы – шмат гарантыяў і светлая будучыня. Аднак рэальнасць, як часта бывае, мякка кажучы, не цалкам адпавядае гэтакім абяцанням.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»