Увосень курс рубля пойдзе ўніз


Замежнаэканамічныя ўмовы для Беларусі – пакуль спрыяльныя, але пачынаюць пагаршацца. Перадусім, у дачыненні з Расеяй. Як паведамляе нацыянальны статыстычны камітэт, у траўні беларускія продажы ў Расею спынілі свой рост, а імпарт працягвае імкліва павялічвацца. У чым прычына і як гэта можа адбіцца на беларусах?

Гандлёвыя абмежаванні ды сітуацыя на нафтавым рынку. Гэта асноўныя прычыны, чаму беларускі экспарт у Расею запавольваецца, хаця тамтэйшы рынак, наадварот, расце хутчэй, чым прагназавалася.

Часткова гэта звязана з дзеяннямі «Рассельгаснагляду». Гэтак, па выніках першых чатырох месяцаў года, экспарт рыбы з Беларусі ў Расею зменшыўся ў фізічным вымярэнні на траціну. Малака, садавіны, гародніны ды цукру – прыблізна на 10 %.

«Яшчэ адзін чыннік – гэта ўмацаванне беларускага рубля да расейскага, якое з пачатку года склала каля 8 %», – кажа старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Пагаршаецца гандлёвая сітуацыя і з іншымі краінамі. Перадусім – праз кошт нафты. Сёлета вуглевадародная сыравіна, якую Беларусь імпартуе з Расеі, даражэе ў паўтара разу хутчэй, чым нафтапрадукты, якія з яе вырабляюць на беларускіх НПЗ, і беларуская маржа, адпаведна, скарачаецца. Агулам, па выніках замежнага гандлю таварамі з усімі краінамі, сёлета нашая краіна мае на 300 мільёнаў долараў большы мінус, чым за аналагічны перыяд летась. Штопраўда, на курсе беларускага рубля гэта пакуль не адбіваецца.

«Умацаванне беларускага рубля доўжыцца з сярэдзіны студзеня практычна няспынна. Можна чакаць, што як мінімум да канца лета гэтая тэндэнцыя прадоўжыцца», – мяркуе Вадзім Іосуб.

Адмоўныя чыннікі нівелююцца, перадусім, валютай, якую беларускія гастарбайтары прывозяць з сезоннай працы за мяжою. Але ці надоўга?

Апытаныя намі адмыслоўцы сыходзяцца на тым, што ўмацаванне рубля, хутчэй за ўсё, скончыцца ў канцы гэтага квартала. Рэч у тым, што завялікае ўмацаванне беларускага рубля да расейскага зробіць айчынныя тавары менш канкурэнтаздольнымі на тамтэйшым рынку, а расейскія тавары, наадварот, хлынуць на наш рынак. Таму, на думку эксперта, увосень курс нацыянальнай валюты пойдзе ўніз – услед за расейскім рублём. Да канца года, паводле розных ацэнак, дэвальвацыя можа скласці ад трох да 6-ці адсоткаў у дачыненні долара.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»