«Мужыкі з тварамі алкаголікаў. Такая ў нас міліцыя!»


Пакуль каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель мірна спаў уначы ў сваім доме, беларускі АМАП працягваў службу, патрулюючы на суседніх вуліцах. А ўжо раніцаю праваахоўнікі падышлі да жонкі актывіста, калі тая выгульвала сабакаў.

«Сказалі, што будуць браць штурмам дом, сказалі, што будуць выломваць дзверы, нават міжпакаёвыя. Некалькі разоў запыталіся, ці ёсць маленькія дзеці ўдома. Сказалі, будуць біць шкло», – сведчыць Кацярына Людвіг, жонка Яўгена.

Завіталі міліцыянты і да іншага прыхільніка шэсця – Леаніда Кулакова

Пазней Першамайскі суд сталіцы прысудзіў актывісту 10 содняў арышту за акцыю падтрымання «Хартыі’97». У такой пастцы апынулася і актывістка Вольга Мікалайчык, якая зрабілася закладніцаю ва ўласным доме. Рыхтуючыся да адміністратыўнага арышту, рэжысёрка збірае торбы на содні.

«Дзіцё сядзела, плямяха, на кухні, хацела паесці. І тут залятае да мяне ў пакой і крычыць: Воля, Воля! Там прыйшлі нейкія мужыкі з тварамі алкаголікаў. І тут пачаўся грукат – у вокны, у дзверы, у залі, на кухні… А я ёй кажу: Маша, спакойна, гэта ў нас такая міліцыя», – узгадвае Вольга.

А напярэдадні ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў трапіў актывіст моладзі БНФ Арцём Касавараў, які раздаваў улёткі з запрашэннем на дазволеную акцыю 25-га сакавіка. Маладзёна затрымалі пасля таго, як ён пастанавіў сфатаграфавацца каля помніку гараднічаму.

Арышты – рэакцыя на выступ Лукашэнкі?

Прэвентыўныя затрыманні актывістаў і палітыкаў – Уладзіміра Някляева, Вячаслава Сіўчыка ды Максіма Вінярскага – распачаліся на наступны дзень пасля выступу Лукашэнкі перад моладдзю, падчас якога кіраўнік краіны даў зразумець, які фармат святкавання сотай гадавіны БНР будзе прымальны для ўладаў.

«Не патрэбныя нам гэтыя дэманстрацыі, вулічныя шэсці. Але не таму, што я іх баюся. Ну пройдуцца вуліцамі Менску, ну загадзяць гэта ўсё… Перажывем», – зазначыў кіраўнік Беларусі.

Статкевіч не змяняе планаў

Не зважаючы на арышты лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу, арганізатары не дазволенага ўладамі шэсця 25-га сакавіка ўсё адно плануюць правесці гэтую акцыю.

«Каб мы маглі без усялякай цэнзуры выказацца па тых праблемах, якія хвалююць наш народ, у тым ліку па пытаннях беспадстаўных затрыманняў людзей», – тлумачыць Мікола Статкевіч.

З патрабаваннем неадкладна вызваліць Уладзіміра Някляева сёння выступіў і Беларускі ПЭН-цэнтр. Са спачуваннямі да затрыманых актывістаў ды палітыкаў звярнулася і Івонка Сурвіла. Старшыня Рады БНР, што праўда, мяркуе, што, не зважаючы на гэткія жорсткія захады ўладаў, свята каля Опернага тэатру ўсё адно мае адбыцца.

Віталь Бабін, «Белсат»