Віцябляне святкуюць адкрыццё першай за 100 гадоў сінагогі


Першая новая сінагога ад часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі не толькі ў Віцебску, але і ўва ўсёй Беларусі. Храм «Шацёр Давіда» на вуліцы Грыбаедава пабудавалі цягам двух гадоў паводле адмысловага праекту віцебскага архітэктара.

Хол са шкляным купалам-столлю, вялікае памяшканне для лекцыяў, малітоўная зала і міква – рытуальны басейн. Сінагогу ўпрыгожваюць рэпрадукцыі вітражоў Марка Шагала на адмысловых стэндах з падсветкай. У адным з памяшканняў плануюць адкрыць Музей габрэйскага жыцця Віцебску.

У віцебскай юдэйскай грамадзе «Дом Ізраілю» каля паўсотні прыхаджанаў

Апошнія 30 гадоў яны маліліся ў звычайным жылым доме, прыстасаваным пад культавыя патрэбы. Таму адкрыццё сінагогі стала святам. І не толькі для віцяблянаў.

«Гэта вельмі важна бо сінагога – цэнтр габрэйскага жыцця. Няма сінагогі няма габрэйскага жыцця ці яно будзе непаўнавартасным».

«Гістарычна Віцебск гэта горад дзе жыло шмат габрэяў і ўсяго 70-80 гадоў таму тут было 64 сінагогі».

– распавядаюць чальцы габрэйскай грамады.

Адзін з ацалелых будынкаў – Вялікая Любавіцкая сінагога

Але сёння яна выглядае закінутай. Паводле гарадской легенды, сюды прыходзіў маліцца бацька Марка Шагала, бо сям’я Шагалаў жыла на суседняй вуліцы.

Такіх будынкаў былых сінагог у рознай ступені захаванасці сёння ў Беларусі каля 100. Прыкладна 20 з іх ахоўваецца дзяржавай. Часта – досыць спецыфічна:

«Сінагога ў Ружанах, за апошнія пяць год там правалілася дах, і шанец што яна захаваецца ўсё меншы і меншы, гэта сінагога ў Століне дзе на пачатку 90-х падчас рэканструкцыі знялі дах, але скончыліся грошы і будынак 25 гадоў стаіць без даху разбураецца», – б’е ў званы гісторык і экскурсавод Сяргей Бусько.

Цікавасць да сінагогаў маюць турысты

Адметнасць беларускіх сінагогаў у тым, што з аднаго боку гэта юдэйскія культавыя будынкі, а з іншага – яны захоўваюць мясцовы каларыт, элементы барока, готыкі, класіцызму. І цікавыя яны як беларускім турыстам, гэтак і замежным, упэўнены экскурсавод Сяргей.

Пакуль жа новую сінагогу будуюць усім светам, а ў дзяржавы няма сродкаў нават на кансервацыю старых сінагогаў, хоць іх можна страціць назаўсёды.

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота: Danny Gys / Reporters / Forum