Віталь Чуркін – дыпламат, які цвёрда адстойваў інтарэсы радзімы


Адданы дыпламат, чалавек, які рашуча адстойваў інтарэсы сваёй краіны. Гэтак у Расеі і за яе межамі гавораць сёння пра Віталія Чуркіна. Сталы прадстаўнік РФ у ААН нечакана памёр учора ў Нью-Ёрку за дзень да свайго 65-цігоддзя. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, дыпламат пайшоў з жыцця пасля размовы з Уладзімрам Пуціным. Міжнародная ж супольнасць запомніла Віталія Чуркіна найперш як аўтара контраверсійных выказванняў у пытаннях вайны на Данбасе ды Сірыі.

Прыспушчаныя сцягі над расейскім консульствам у Нью-Ёрку. Адмысловае паседжанне ў штаб-кватэры ААН. Гэтак згадвалі сёння Віталія Чуркіна ў Амерыцы.

«Ад імя ўсіх я выказваю глыбокія спачуванні Расеі, яе ўраду, а таксама жонцы і дзецям Віталія Чуркіна. Ён быў нашым дарагім калегам і адданым дыпламатам. Гэта быў адзін з найлепшых людзей, якога мы ведалі. Я прапаноўваю падняцца і ўшанаваць памяць Віталія Чуркіна», – зазначыла Ляна Закі Нусэйбэ, прадстаўніца Арабскіх Эміратаў Пры ААН.

Памяць дыпламата ўшанавалі сёння і ў Маскве

Міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў казаў пра заслугі Віталія Чуркіна і пра неабходныя якасці кожнага дыпламата.

Прадстаўнік Расеі пры ААН Віталій Чуркін інтарэсы сваёй краіны адстойваў цвёрда. Што датычыць канфрантацыяў – іх было апошнім часам надзвычай шмат. Абвастрэнне дачыненняў з іншымі краінамі пачалося з расейскай анексіі Крыму. Менавіта яна і зрабілася адной з падставаў увядзення санкцыяў супраць Крамля. Тое, што для ўсяго свету было фактычна захопам, для Расеі – вяртаннем гістарычнай справядлівасці.

«Хачу параіць: вярніце Гібралтар, вярніце анексаваную частку Кіпру. Тады вашае сумленне будзе чысцейшае», – казаў дыпламат.

Вяртаць Крым Расея не збіралася. Наступным крокам быў Данбас

«У яго быў свой фронт – гэта ААН. Яго задачаю было адстойваць ілжывую пазіцыю Расеі, якая дазволіла весці вайну супраць Украіны. Ён усё гэта абгрунтоўваў, хлусіў з раніцы да вечару», – упэўнены журналіст Айдэр Муждабаеў.

Іншым пытаннем нязгоды ў ААН была вайна ў Сірыі

Расея брала ўдзел у бамбаваннях сірыйскай тэрыторыі. Масква не аднойчы заяўляла, што змагаецца выключна з тэрарыстычнымі групоўкамі. Паводле міжнародных праваабарончых арганізацыяў, пад бомбы траплялі і мірныя жыхары, у тым ліку дзеці. Віталій Чуркін ад імя Расеі заявіў тады, што ў Сірыі дзяцей пасыпаюць пылам, каб выдаць іх за ахвяры бамбаванняў. Заява выклікала абурэнне міжнароднай супольнасці. Мірны працэс зацягваўся.

Адметная была пазіцыя расейскага прадстаўніцтва ў ААН і ў беларускім пытанні. Расея крытыкавала справаздачы адмысловага спавяшчальніка ААН Міклаша Харасці. Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі Расеі расейскія дыпламаты называлі надуманымі.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Dmitry Serebryakov / TASS / Forum