Аб'ектыў 12.03.2018 «Вінаватае начальства». На «Пінскдрэве» вялікі скандал


Рабскія ўмовы працы і схаваны траўматызм. Група невядомых асобаў, якія называюць сябе Саветам працаўнікоў «Пінскдрэву», абвінавачваюць кіраўніцтва заводу ў нялюдскім стаўленні да работнікаў. Сярод іншага, людзі ў масках сцвярджаюць, што майстры не давалі ўшанаваць памяць загінулых на заводзе падчас выбуху ў 2010 годзе і пагражалі звальненнем тым, хто не паслухаецца.

Ананімныя аўтары відэа абяцаюць даслаць яго партнёрам «Пінскдрэву», перадусім у Расею, каб тыя байкатавалі вырабы прадпрыемства.

Эксперты ставяцца да запісу скептычна

«Я насцярожана стаўлюся да такіх відэа, таму што за імі могуць стаяць, якія хочуць людзі, з не зусім яснымі мэтамі», – мяркуе прафсаюзны лідар Аляксанр Ярашук.

Тым не менш, як кажа Аляксандр, звярнуць увагу на бяспеку працы на «Пінскдрэве» неабходна. Менавіта на гэтым заводзе адбылася найбуйнейшая аварыя ў незалежнай Беларусі, калі ў выніку выбуху загінулі 14 чалавек. Паводле былога працаўніка Андрэя Асаўца, сем’і ахвяраў атрымалі толькі частковую кампенсацыю. Маўляў, холдынг «Пінскдрэў» сваю долю выплаціў, а таварыства «Пінскдрэў-ДСП», якое суд таксама забавязаў да выплаты, грошай не мае.

Узяць каментар у кіраўніцтва не ўдалося

Прычына – генеральны дырэктар з прэсаю не размаўляе.

З пачатку года паводле афіцыйнай інфармацыі загінулі два работнікі «Пінскдрэву». Як даць рады, калі начальства не хоча выконваць сваіх абавязкаў? Эксперты раяць звяртацца ў незалежныя прафсаюзы.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат», фота: Julia Darashkevich / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары