«Відаць, не ад добрага жыцця»: «афіцыйных» алкаголікаў паменела


Беларусаў, залежных ад алкаголю, афіцыйна паменела. Было ў межах 173–180 тысячаў, а сталася каля 163 000. Хаця гэткая гульня лічбамі ня цешыць нарколагаў.

«Больш важныя індыкатары п’янства і алкагалізму – гэта ўзровень смяротнасці як вынік спажывання алкаголю, смяротнасць ад перадазіроўкі алкаголю, смерць у выніку няшчасных выпадкаў, смерць у выніку нейкіх правапарушэнняў, якія здзяйсняюць пʼяныя, ДТЗ, узровень смяротнасці ад цырозу пячонак, узровень захворванняў вострымі алкагольнымі псіхозамі», – кажа лекар-нарколаг Уладзімір Іваноў.

І тут хваліцца няма чым.

Згодна са статыстыкаю МУС, у нашай краіне толькі за першыя пяць месяцаў сёлета смяротна атруціліся алкаголем ажно 600 чалавек. А з 34 000 злачынстваў 6000 былі здзейсненыя пасля спажывання алкаголю.

Хаця, паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, мы сапраўды пʼём меней. І месяц таму ў рэйтынгах пітушчых краінаў скокнулі з другога месца на дваццаць сёмае ў свеце. Але ўсцяж, паводле той жа арганізацыі, на аднаго чалавека ва ўзросце ад 15-ці гадоў у нас прыходзіцца больш за адзінаццаць літраў чыстага спірту за год.

Жыхары Глыбокага:

«Ну, відаць, не ад добрага жыцця. Мяркую, так».

«Заняцца людзям няма чым, таму і пʼюць».

«Яны ўсюды цяпер пʼюць: і ў Расеі, і ва Украіне, і ў нас».

«Таму што мала зарабляюць, ад адчаю».

Пры гэтым нацыянальная статыстыка выглядае лепш ад міжнароднае. Толькі вось і разлікі ідуць не з пятнаццаці гадоў, а на ўсіх грамадзянаў. І пры гэтым усцяж атрымліваецца болей за 8 літраў на душу за год, што ёсць мяжою, за якою пачынаецца пагроза здароўю і грамадству.

Жыхары Паставаў:

«Шмат хто пʼе ад беспрацоўя, шмат хто – ад шчырае галечы».

«Я ў свой час выпіваў, і ў савецкі час мы пілі болей, чымся цяпер».

«Няма нейкага сэнсу, стымулу, каб не піць, да нечага імкнуцца».

З аднаго боку, дзяржава дэкларуе змаганне з алкагалізмам рознымі спосабамі.

Павышаюцца і кошты на алкагольную прадукцыю. А з іншага боку – Савет Міністраў на сёлета павялічыў квоты вытворчасці пладова-ягадных вінаў, гэтак званага чарніла, ажно на 80 адсоткаў. Бо прыблізна кожны чатырнаццаты рубель з падаткаў і аплатаў трапляе ў бюджэт менавіта з алкаголю.

«Дзяржава вырашае свае пытанні. Яна вырашае свае пытанні хімічным шляхам. У грамадзянаў ёсць праблемы, выпіваеш тры бутэлькі чарнільца – і ніякіх праблем не застаецца», – тлумачыць эканаміст Міхась Залескі.

Што праўда, толькі да наступнае раніцы, калі можна адчуць сапраўдны галаўны боль.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»