Ветэраны яшчэ паваююць. Супраць прафсаюзу


Прафсаюзны актывіст не паладзіў з ветэранамі – дайшло да суда. Суд прызнаў Віктара Стукава вінаватым у перашкодзе дзейнасці арганізацыі ветэранаў вайны і працы заводу «Полацак-Шкловалакно».

Полацкага актывіста Віктара Стукава аштрафавалі на 171 з паловаю рублёў. Інцыдэнт паміж актывістам і ветэранскай арганізацыяй заводу «Шкловалакно» адбыўся яшчэ ў верасні, калі Віктар з жонкаю прыйшлі па матэрыяльную дапамогу. Віктар Стукаў, Свабодны прафсаюз беларускі:

«Я зайшоў у кабінет і папрасіў патлумачыць што мне належыць у сувязі са смерцю блізкага чалавека. Паколькі яны паводзіліся задзірліва, сказалі: «выйдзіце вон» я папрасіў кнігу заўвагаў і прапановаў».

У выніку Віктар Стукаў выклікаў міліцыю, і на чальцоў арганізацыі склалі пратакол. Аднак праз некалькі дзён у суд выклікалі самога Віктара. Як высветлілася, ветэраны таксама склалі пратакол – на яго. Што праўда, старшыня савету ветэранаў свой погляд на сітуацыю нам агучыць адмовілася.

Вера Дзмітрыева, старшыня савету ветэранаў:

«Я цяпер вельмі занятая і вы, напэўна вазьміце ў яго інтэрв’ю, і ён вам усё раскажа. Быў суд, і суд таксама разгледзеў гэтую сітуацыю. Да пабачэння».

Мясцовыя прафсаюзныя дзеячы лічаць сітуацыю часткаю псіхалагічнага ўздзеяння, каб спыніць актыўную дзейнасць прафсаюзу. Скаргу Віктара Стукава на арганізацыю ветэранаў за адмову выдаць кнігу заўваг і прапановаў разгледзяць заўтра.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu