Ваўкі тэрарызуюць Віцебшчыну. Страх апанаваў людзей


На Гарадоччыне ваўкі знішчаюць сабак. Гэта вёска Лялеўшчына, непадалёк ад мяжы з Расеяй. За савецкім часам тут была крама і некалькі фермаў, цяпер жа на большай частцы вуліцаў няма нават ліхтароў. Быльнёгу на пустках ніхто не косіць, апусцелыя падворкі зарастаюць, лес набліжаецца да вяскоўцаў. Не дзіўна, што з ім разам набліжаюцца і ваўкі. Такая ж сітуацыя ў навакольных вёсках.

Колькасць ваўкоў павялічылася праз афрыканскую чуму свіней

Хворых дзікоў ваўкам здабываць лёгка. Але ў тым, што ваўкі шукаюць спажывы ў вёсцы, ёсць і віна самых вяскоўцаў.

«Штосьці выкідаецца насельніцтвам – напрыклад хатняя жывёла гіне, не вывозіцца на могільнік, а кідаецца на ўскрайку вёскі адпаведна ваўкі цягнуцца да населенага пункту», – тлумачыць Валерый Катовіч з інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Воўк – годны трафей, але ахвотнікаў адстрэльваць няшмат

«Паляўнічыя, хто былі – паздавалі зброю, кажуць што плаціць трэба больш за ваўка, чым яго застрэліць, патрон каштуе больш чым гэты воўк. Дык каму гэта ахвота паляваць?», – кажа жыхар вёскі Лялеўшчына.

Таму жыхары паўпустых вёсак проста не выходзяць увечары на вуліцу.

«Зараз сабакаў усе на ноч запіраюць у хлеў – раней сабак трымалі для аховы, а цяпер хаваюць уначы», – зазначыў яшчэ адзін мясцовы жыхар.

Навукоўцы даводзяць, што ваўкі падтрымліваюць экасістэму лясоў – знішчаюць хворых жывёлінаў, не даюць аленям моцна аб’ядаць маладыя парасткі, то бок паскараюць натуральнае аднаўленне лесу. Ну а чалавеку шкодзіць воўк, пазбаўлены натуральнага харчавання – найчасцей у выніку чалавечай жа дзейнасці.

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота: G. Lacz / Arco Images / Forum