Вашынгтон па-ранейшаму лічыць Лукашэнку пагрозай


Дзядзька Сэм не забывае. Доналд Трамп вырашыў працягнуць на год асабістыя санкцыі ў дачыненні Аляксандра Лукашэнкі і яго паплечнікаў.

«Дзеянні і палітыка асобных чальцоў ураду Беларусі ды іншых асобаў працягваюць ствараць надзвычайную пагрозу для нацыянальнае бяспекі і замежнай палітыкі Злучаных Штатаў», – гаворыцца ў паведамленні Белага дому.

Апроч кіраўніка Беларусі пад санкцыямі застаюцца Віктар Лукашэнка, Лідзія Ярмошына, Віктар Галаванаў, Віктар Шэйман, Дзмітрый Паўлючэка, Сцяпан Сухарэнка, Аляксандр Зімоўскі, Уладзімір Навумаў і Наталля Пяткевіч.

«Санкцыі і іншае – усё гэта трызненне. Гэта баўбатня, я ўжо сказаў. Захад ні на што не здольны!» – гаварыў калісьці Аляксандр Лукашэнка.

Санкцыі ж, накладзеныя ЗША, маюць асабовы характар. Гэта значыць, што вышэйпералічаныя грамадзяне Беларусі не маюць права мець у Штатах маёмасці і фінансавыя рахункі.

Для дзяржаўнай сістэмы ж куды больш адчувальнымі былі эканамічныя санкцыі супраць 9-ці беларускіх прадпрыемстваў, але яны былі паслабленыя яшчэ ў 2015 годзе, у сувязі з выйсцем на волю Міколы Статкевіча і яшчэ некалькіх палітвязняў, а потым і ўвогуле прыпыненыя.

Тым не менш, нягледзячы на гучныя дэкларацыі, нават сімвалічныя абмежаванні могуць быць пранізлівымі.

«Гэтая сітуацыя не камфортная для беларускага палітычнага рэжыму. Ён спрабуе рабіць нейкія захады, каб неяк дамовіцца. Асабліва пасля таго, як у ЗША з’явілася новая адміністрацыя», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Вось толькі зняць амерыканскія санкцыі афіцыйнаму Менску куды цяжэй чым еўрапейскія. Эксперт адзначае, што прынцыпы амерыканска-беларускіх дачыненняў прапісаныя ў «Акце аб дэмакратыі ў Беларусі», прынятым Кангрэсам у 2004 годзе, то бок абмежаванні маюць сваё абгрунтаванне ў законе.

А ўпершыню асабовыя санкцыі былі накладзеныя яшчэ прэзідэнтам Джорджам Бушам, пасля падзеяў Плошчы Каліноўскага ў 2006-ым.

Большасць асобаў з санкцыйнага спісу ўжо не займае такіх высокіх дзяржаўных пасадаў. Гэтак Cцяпан Сухарэнка, які некалі пужаў беларусаў расстрэлам за пратэст, даўно не кіруе КДБ, а колішні начальнік БТ Аляксандр Зімоўскі ўвогуле зʼехаў у Расею.

Але праблема ў тым, што парушэнне правоў чалавека не мае тэрміну даўніны.

«Тут дзейнічае такі прынцып: людзі, якія вінаватыя ў парушэнні правоў чалавека, яны павінныя несці адказнасць нават тады, калі яны не займаюць дзяржаўныя пасады», – працягвае Валер Карбалевіч.

А таму тыя, хто чыніць рэпрэсіі сёння, маюць усведамляць, што праз свае дзеянні яны яшчэ могуць нажыць сабе непрыемнасці.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Yves Herman/ Forum