Варта ў Курапатах трывае нягледзячы на затрыманні


Абаронцы Курапатаў Дзяніс Урбановіч, Вольга Мікалайчык ды Павал Севярынец выйшлі на волю пасля 10 содняў арышту.

Вызваленне актывістам зладзілі праз чорны выхад Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў, каб не трапіла ў аб’ектыў камеры. Да таго ж у Паўла Севярынца пры гэтым сканфіскавалі і растапталі рукапіс новага раману «Беларусалім. Сэрца святла», напісаць 11 старонак якога ён паспеў падчас адседкі.

Вуліца Акрэсціна ў Менску. Уваход у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Сюды яшчэ раніцай да арыштаваных 10 дзён таму грамадскіх актывістаў прыйшлі іх паплечнікі і сваякі. Аднак сустрэць тут абаронцаў Курапатаў, якіх сёння меліся вызваліць, гэтак і не давялося.

«Нас разам затрымлівалі. І Дзяніса, і мяне, і Вольгу. Мяне ў суботу адпусцілі, а Вольгу з Дзянісам закрылі. Так атрымалася, што прыехаў сюды каля паловы на дзявятую і запытаў: Мікалайчык калі вызваляюць?» – распавядае грамадскі актывіст з Гомля Барыс Анікееў.

Мужчыне паведамілі, што арыштаваныя мусяць выйсці на волю аб 11-ай гадзіне. Значна пазней за гэты час адпусцілі Дзяніса Урбановіча. А вось пра Вольгу Мікалайчык стала вядома, што з ЦІПу яе даставілі ў Першамайскі РУУС.

«Улада як заўсёды подла паступае. Прачакалі каля трох гадзінаў, яны іх вывозяць праз задні ўваход«, – кажа актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў.

Пра тое, што Паўла Севярынца гэтак жа адвезлі ў РУУС Фрунзенскага раёну, стала вядома толькі пасля 16-ай гадзіны.

«Выйшаў чалавек, хлопец, які сядзеў разам з Пашам у камеры. Кажа, што яго, Паўла, вывелі ў дворык разам з рэчамі, і ён зараз там прагульваецца, але лёс, хіба, што свой не ведае», – распавядае Вольга Севярынец пра прыгоды свайго мужа.

За кратамі застаюцца іншыя актывісты, што пратэставалі супраць працы рэстарану «Паедзім, паядзім» бліз урочышча Курапаты. Гэта Наталля Гарачка, Максім Вінярскі і кінарэжысёр Аляксей Туровіч. Прычым затрыманне рэжысёра стужкі »Жоўты пясочак« адбылося шляхам перахопу таксоўкі, кіроўца якой не адразу зразумеў, што адбылося.

«Мне дарогу перакрыла шэрая «Газель». Ззаду спыніўся сіні бус, збоку легкавушка, выбеглі каля шасці чалавек, адразу ўвалаклі Туровіча, перапісалі мае дадзеныя, і мне казалі, што мяне звольняць з працы, штосьці яшчэ», – згадвае кіроўца таксі Дзмітрый.

Аднак нягледзячы на затрыманні і арышты абаронцаў Курапатаў, вахта бліз рэстарану з 12-ай дня да 12-ай начы не парастае трываць. Сёння яе каардынуе Рух салідарнасці »Разам«.

Юлія Лабанава, belsat.eu