Варшаўскі музей загаварыў па-беларуску


Польская, англійская, габрэйская, ідыш, французская, нямецкая, руская, іспанская, італьянская, вугорская, а ад сёння і беларуская. Сярод аўдыягідаў Музею гісторыі польскіх габрэяў, які паўстаў у Варшаве ў 2005-ым годзе, з’явілася і нашая родная мова.

У музеі, які летась атрымаў узнагароду «Еўрапейскі музей года» і ўвайшоў у тройку найцікавейшых месцаў польскае сталіцы на меркаванне замежных турыстаў, цяпер можна слухаць па-беларуску.

Ініцыятыва амбасады Беларусі

Нашая мова сталася адзінаццатай, даступнай у Музеі гісторыі польскіх габрэяў у Варшаве. Раней нашыя суайчыннікі маглі выкарыстоўваць аўдыягід, напрыклад, на расейскай ці англійскай.

Гэткая беларусізацыя адбылася з супольнай ініцыятывы кіраўніцтва музею ды амбасады Беларусі ў Польшчы. Яе рэалізацыя трывала прыблізна паўгода.

«Мы гэта зрабілі разам з габрэйскай супольнасцю на Беларусі, з няўрадавымі арганізацыямі, са «Студыяй Уладзіміра Бокуна». Гэта нашая дзяржаўная мова і яе трэба развіваць», – зазначыў Аляксандр Авяр’янаў, амбасадар Беларусі ў Польшчы.

Новаўвядзенне мела практычнае значэнне

Колькасць наведнікаў з Беларусі павялічылася сёлета ў параўнанні з мінулым годам напалову і перакрочыла лічбу 500.

«Але яшчэ больш важнае значэнне – сімвалічнае. Гісторыя габрэяў, якую мы паказваем, гэта гісторыя габрэяў на землях былой Рэчы Паспалітай, якая ўлучала значную частку сённяшняй Беларусі. Гэта гісторыя, якая злучае сённяшнія Беларусь і Польшчу. І ў гэтым сэнсе таксама, як маем аўдыягіды па-польску ды ў мове ідыш, беларуская мова ёсць гістарычнаю моваю гэтага вялікага абшару Усходняй Еўропы», – падкрэсліў Дар’юш Столя, дырэктар Музею гісторыі польскіх габрэяў.

Ініцыятары зʼяўлення нашае мовы сярод прапанаваных у Музеі гісторыі польскіх габрэяў сталіся і першымі наведнікамі, якія скарысталіся з аўдыягіду па-беларуску.

Цяпер, апроч сталай экспазіцыі з васьмі галерэяў, якія прэзентуюць 1000 гадоў гісторыі польскіх габрэяў, функцыянуе часовая – «Кроў. Абʼядноўвае і дзеліць».

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Agencja Wschod / FORUM