Валюта без пашпарту. Эканамічныя змены, якія закрануць кожнага


Перыяд дэвальвацыяй – скончыўся. Гэткі пасыл, на думку адмыслоўцаў, спрабуюць данесці да беларусаў улады, адмяніўшы з сённяшняга дня абавязковае паказванне пашпарту пры набыцці валюты.

Чаму адмянілі патрабаванне паказаць пашпарт?

Дакументы з сабой трэба браць толькі ў выпадку, калі вы хочаце купіць замежных грошай больш, чым на тысячу базавых велічыняў. Гэта – патрабаванне заканадаўства аб барацьбе з тэрарызмам і фінансавымі злачынствамі.

З пачатку года беларускі рубель умацаваўся да кошыка з трох валютаў: долара, еўра і расейскага рубля – на % 0.25. Прычына – насельніцтва, з кожным месяцам, усё больш прадае валюты на ўнутраным рынку.

«Такое ня можа доўга працягвацца. Насельніцтва бяднее. Таму я думаю, што ў бліжэйшыя месяцы гэтая тэндэнцыя закончыцца», папярэджвае былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч.

Стабільнасці валюты можа пагражаць шэраг чыннікаў

Чаканая дэвальвацыя расейскага рубля, які тамтэйшыя адмыслоўцы лічаць цяпер пераацэненым. Не выключана, што беларускі рубель можа ўпасці следам за ім на 5 % ці больш.

«Калі не дапусцяць выпуск пустых грошай, і калі будзе нейкае ажыўленне эканомікі, то я думаю, што валютны курс захаваецца, у бліжэйшыя месяцы, прынамсі» – прагназуе спадар Багданкевіч.

Галоўная пагроза – дзяржаўны доўг Беларусі, які няспынна расце

«Калі ўзнікнуць праблемы з замежным фінансаваннем, з рэфінансаваннем запазычанасці, гэта азначае, што прыйдзецца пагашаць замежны доўг з золатавалютных рэзерваў. Цягам двух гадоў гэтыя рэзервы могуць быць вычарпаныя і тады можа ўзнікнуць рызыка дэстабілізацыі валютнага рынку», – дзеліцца эканаміст Вадзім Іосуб.

Апошні раз абавязковыя пашпарты ў абменніку ўлады адмянялі ў 2006 годзе. Тады стабільнасць беларускага рубля пратрымалася тры гады.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum