Аб'ектыў 13.10.2018 Вайсковыя могілкі знішчаюць, але чыноўнікі кажуць, што «добраўпарадкоўваюць»


Вось гэтая плітка проста становіцца сімвалам рэканструкцыі па-беларуску. Тут былі помнікі – іх знеслі, каб зрабіць «прыгожа». Вайсковыя могілкі ў Менску зноў пачалі актыўна «добраўпарадкоўваць», знішчаючы крыжы, агароджы. Працам заміналі старыя магілы, бо яны месціліся занадта блізка да рэлігійных пабудоваў. Выйсце знайшлося – магілы знеслі.

«Тут знесена, не ведаю, можа дзясятак магіл. І пастаўлены новыя знакі», – кажа Кацярына Парыжская, валанцёрка.

Калі раней кожнае надмагілле несла сваю гісторыю, цяпер гэта – проста стандартны праваслаўны крыж. Колькасць крыжоў і знесеных магілаў не супадае.

«Прычым на крыжах нават не пішуць часам імя. Проста пішуць «Вечная память зде погребенным”. Вось тут дакладна было некалькі крыжоў. Вось тут быў помнік. Не вядома, былі яны каталіцкія, праваслаўныя, таму што магілы, нягледзячы на тое, што тут ёсць праваслаўная царква, яны розныя. Тут і габрэі пахаваныя, і каталікі, і праваслаўныя, і камуністы», – працягвае Кацярына Парыжская, валанцёрка.

Валанцёры кажуць, што адказная за разбурэнне не толькі дзяржава, але і праваслаўная царква, якая была ініцыятарам. Плануецца і далейшае знішчэнне магілаў, каб пашырыць сцежкі, зрабіць праезд да храму, пракласці электрычнасць.

«Само добраўпарадкаванне распачала царква. Бо яна хацела зрабіць тут «прыгожа«, каб хадзіць крыжовым ходам. Каб ім было месца. Адгукнуліся на гэта ўлады, спецкамбінат – і пачалі таксама рабіць прыгожа, як яны лічаць», – распавядае валанцёрка Марыя Максіменка.

Працаўнікі спецкамбінату камунальна-бытавога абслугоўвання, які адказвае за могілкі, знеслі дзясяткі старых крыжоў і надмагілляў і ўсталявалі гэтак званыя «падгалоўнікі». Адмысловая камісія развешвала шыльдачкі аб зносе на ўсе надмагіллі, дзе былі хоць нейкія прыкметы недаглЕджанасці. Усё лета валанцёры ратавалі пазначаныя помнікі: фарбавалі, рамантавалі, даглядалі. Пасля таго, як пракуратура прызнала парушэнні ў дзеяннях спецкамбінату, працы былі прыпыненыя. Але цяпер зноў пачаліся.

На мінулым тыдні на ўжо дагледжаных валанцёрамі магілах, спецкамбінат зноў пачаў развешваць шыльды, падрыхтаваныя яшчэ ў 2015 годзе.

Закон дазваляе дэмантаваць надмагіллі, якія немагчыма адрамантаваць ці аднавіць. Тут жа надмагіллі ўжо адрамантаваныя.

«Гэта сапраўдны твор мастацтва, даваенная, а можа і дарэвалюцыйная, каваная яшчэ агароджа, па-другое, ёсць імёны гэтых людзей, магіла дагледжаная. Тут няма падставаў для гэтага ніякіх, гэта было б парушэнне заканадаўства», – лічыць валанцёр Зміцер Юркевіч.

Вайсковыя могілкі – адзін з самых старых некропаляў Менску, мае статус гістарычна-культурнай каштоўнасці і мусіць абараняцца дзяржавай. На справе ж валанцёрам даводзіцца бараніць могілкі ад гэтай самай дзяржавы.

Вольга Чайчыц,«Белсат»

Глядзі таксама
Каментары