Вайне ў Грузіі – 10 гадоў. Чаму Беларусь захавала нейтралітэт


Роўна 10 гадоў таму расейскія танкі ўвайшлі ў Грузію, а самалёты нанеслі ўдары па вайсковых базах і грамадзянскіх аб’ектах. Распачалася расейска-грузінская вайна. І, хоць канфлікт цягнуўся нядоўга, яго вынікі адчуваюцца і сёння. Як гэты канфлікт змяніў свет і як паўплываў на Беларусь – глядзіце ў матэрыяле Сцяпана Святлова.

Тысячы параненых ды больш за 500 загінулых. Асноўныя страты – у шэрагах грузінскага войска, жаўнеры якога адстойвалі хоць і спрэчную, але афіцыйна сваю тэрыторыю. Гэта афіцыйная пазіцыя Грузіі. Масква ж лічыць інакш. Паводле Крамля, расейскія міратворцы ратавалі мірных жыхароў Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі ад грузінскай агрэсіі, падмацаванай, цытата, «амерыканскімі інтарэсамі».

«Расейская Федэрацыя ў шэрагу дыпламатычных кантактаў прапаноўвала цэлы шэраг развязання пытанняў для Закаўказскага рэгіёну, на якое Грузія, на жаль, не пайшла», – кажа Дзмітрый Салоннікаў з Інстытут сучаснага дзяржаўнага развіцця Расеі.

Вынікі тае вайны – параза грузінскіх войскаў ды страта кантролю над Асеціяй і Абхазіяй – пятаю часткай Грузіі. Больш за 50 тысячаў уцекачоў ды рост напружанасці ў рэгіёне. Каму ж і навошта быў патрэбны такі «прымус да міру»?

«Кіраўніцтва Расеі адначасова вырашала свае ўнутраныя задачы, унутраныя праблемы», – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч кажа, што пасля распаду Савецкага Саюзу расейскае грамадства больш за іншых адчувала постімперскі сіндром. У гэтым – псіхалогія краху вялікай дзяржавы. А ўлады настроі адчувалі. І як вынік –

«Не было папярэдніх дыскусіяў, не было ніякага тлумачэння, чаму мы павінныя гэта зрабіць, не было рашэння Савету Федэрацыі. СФ сабраўся 25 жніўня і заднім днём прыняў рашэнне, што 8 жніўня можна ўводзіць войскі на чужую тэрыторыю. Мы згубілі кантроль над урадам, урад перастаў нас слухацца», – кажа грамадскі актывіст Раман Удот, які ў 2008 годзе быў чальцом руху «Абарона».

І з тае пары Расея імчыцца сваім, часам незразумелым і некантраляваным шляхам, кажа актывіст: палітыкі – асобна, грамадства – асобна.

Аляксандр Лукашэнка ў грузінскім пытанні захаваў нейтралітэт: Беларусь дагэтуль не прызнала незалежнасці Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі.

«Ён прымервае гэтую сітуацыю на сябе – баіцца, што ва ўмовах нейкага канфлікту Расея можа ўжыць сілу і супраць Беларусі», – кажа Валер Карбалевіч.

І калі на Грузію захад адрэагаваў даволі стрымана, то ўжо пасля Крыму пра агрэсіўныя намеры Расеі сталі казаць у адкрытую, кажуць эксперты. Рэйтынг Пуціна ў Расеі вырас, а вось аўтарытэт самой Расеі на міжнароднай арэне пайшоў уніз.

Абхазія і Паўднёвая Асеція ўжо дзесяць гадоў застаюцца ў статусе непрызнаных дзяржаваў. Апроч Расеі, іх суверэнітэт прызналі толькі Нікарагуа, Венесуэла, Науру і ўрад Башара аль-Асада. Гэтак і з Крымам. Расейскім яго лічаць толькі Афганістан, Венесуэла, Куба, Нікарагуа, Сірыя, Паўночная Карэя ды самая Расея.

Сцяпан Святлоў; фота – Глеб Гараніч/Reuters/Forum