Вайна за дом у Берасці: «100 семʼяў ужо псіхічна нездаровыя»


Дом на Машэнскага прадпрыемства «Белтрубаправодбуд» збудавала яшчэ ў 1995-ым годзе. Згодна з пастановаю Савету Міністраў, да 2007-га забудоўнік меўся перадаць жытло ў камунальную ўласнасць. Але замест гэтага стварыў даччыную фірму «Тэз-сэрвіс» і перадаў ёй правы на дом, у якой жыхары забавязаныя выкупіць кватэры.

Сума штомесячнай выплаты – $ 340

Паводле дамовы куплі-продажу, калі цягам 5-ці гадоў з моманту падпісання дамовы людзі не выкупяць сваіх кватэраў, то апынуцца на дварэ. Але жыхар дому Віктар Кміто адзначае, што дырэктар «Тэз-сэрвісу» і не будзе высяляць жыхароў, бо мае больш матэрыяльна выгадныя для сабе варыянты.

«Падыходжу да яго і пытаю: «высяляюць будзеце?». Ён кажа: »Я цябе не збіраюся высяляць, гэта мне накладна па судах будзе. Я проста падам на цябе ў суд і хай адсоткі з цябе вылічваюць пажыццёва. Ты будзеш усё жыццё мне павінен за гэтую кватэру», – падзяліўся з «Белсатам» абураны жыхар дому Віктар Кміто.

Віктар кажа, што хацеў бы плаціць ды нарэшце стацца гаспадаром сваёй жа кватэры, але не разумее, адкуль браць грошы на выкуп нерухомасці і плату за кватэру.

Судовы канвеер замест разбіральніцтва

Мінулыя суды сталі на бок «Тэз-сэрвісу», і зусім хутка пачнецца слуханне справаў пра запазычанасць, якая назапасілася ў шмат каго з жыхароў дому.

«Зараз суды праходзяць. Суды як па канвееры. Зайшлі па шаблоне, адпісаліся», – сведчыць жыхар дому Сяргей Сычык.

Людзі ўжо 4 гады жывуць са страхам пазбавіцца жытла

«Чаму павінны пакутаваць людзі? Яны ж даводзяць людзей. З раніцы да ночы, у тых, хто выйшаў на вуліцу, іншых тэмаў няма. Адна тэма: што будзем рабіць? Ужо псіхічна нездаровыя 100 семʼяў. Гэта норма? Гэта наша дзяржава?», – не вытрымлівае нашая суразмоўца Марыя.

Жыхары дому не знайшлі дапамогі ні ў адной інстанцыі. Даўгі растуць, праз год мінае тэрмін дамовы куплі-продажу. Магчыма, людзям давядзецца пакінуць дом, у якім яны пражылі 15 гадоў.

Тася Нікіценка, «Белсат», фота: finance.bigmir.net