Аб'ектыў 18.11.2016 Вайна з КДБ. Пачаўся суд над 11 беларускімі мытнікамі


Пяцёра чалавек за кратамі ў зале суда, яшчэ шэсць на лаве падсудных, агулам абвінавачанымі ў сённяшняй справе праходзяць 11 працаўнікоў Ашмянскай мытні. Гэта толькі адзін з эпізодаў, які пачаў разглядаць суд.

Паводле следства, з 2010-га да 15-га года на пункце пропуску Каменны Лог на беларуска-літоўскай мяжы працавала крымінальная групоўка, у якую ўваходзілі 58 мытнікаў. Ашмянскую справу падзялілі на 4 эпізоды. Сённяшняе паседжанне сталася першым разглядам.

СЯРГЕЙ ДУБАВЕЦ, ЖУРНАЛІСТ:

«Справа такая, што калі бяруць усю мытню адразу, то бяруць цэлую сістэму, уся мытня працуе такім чынам, маглі ўзяць Берасцейскую, узялі Ашмянскую».

Паводле следства, ашмянскія мытнікі бралі хабар памерам ад 100 да 250-ці долараў, сярод іншага за тое, каб прапускаць фуры без адпаведнага мытнага афармлення. Агулам падсудным інкрымінуюць атрыманне больш за 800 тысяч долараў хабару. Сярод тых, хто застаецца за кратамі, – Алесь Юркойць, які па-за працаю на мытні вядомы як мясцовы краязнаўца.

СЯРГЕЙ ДУБАВЕЦ:

«Дзякуючы Юркойцю мы звярнулі ўвагу на гэты працэс. Справа ў тым, што пры сённяшнім рэжыме, такія працэсы адбываюцца перыядычна, для астрасткі, для змены кланаў, элітаў».

ГАННА ЮРКОЙЦЬ, ЖОНКА АЛЕСЯ ЮРКОЙЦЯ:

«На гэтым этапе ціск хутчэй не адбываецца, можа быць адразу быў большы ціск чым цяпер ужо цягам году, я думаю, што проста трымалі і трымалі. Яго амаль і не выклікалі на следчыя дзеянні».

У 2015-ым годзе справу ашмянскіх мытнікаў распачаў Камітэт дзяржбяспекі. Тады ж гэтую справу каментаваў і кіраўнік краіны. Паводле Лукашэнкі, у карупцыйную схему былі ўлучаныя практычна ўсе працаўнікі Каменнага Логу. Гаворка пра шкоду дзяржаве на мільёны долараў, і гэтую шкоду, адзначыў Лукашэнка, мусяць скампенсаваць у трох- ці пяціразовым памеры.

Сярод іншага назіральнікі зазначаюць, што Ашмянская справа – гэта следства міжведамственнай вайны паміж Мытным камітэтам і КДБ. І невядома, чый бок у выніку зойме дзяржаўнае абвінавачанне. Працэс, які распачаўся сёння, можа расцягнуцца і на год.

Аркадзь Несцярэнка, Белсат

Глядзі таксама
Каментары