Вайна ў Сірыі: Расея збірае хаўруснікаў, Кітай патрабуе расследавання, арабы занепакоеныя


Сірыя – галоўная тэма ўсіх сусветных навінаў. Заходнія краіны заклікаюць да дыялогу. А Расея і Іран маюць уплываць на Дамаск, што праўда пакуль атрымліваецца не ў рэчышчы дээскалацыі канфлікту. Голас узяў таксама Пекін. Тым часам пытанне Сірыі гучыць і на Арабскім саміце ў Саудаўскай Аравіі. Вось толькі фіналу канфлікту пакуль не відаць.

Ракетныя ўдары па Сірыі распалілі да чырвані дыскусіі на міжнароднай арэне.

Аднак афіцыйны Лондан падкрэслівае: гэта не спроба вайсковага пералому ў Сірыі ці пазбаўлення ад Аль-Асада.

«Гэта быў голас свету, што мы маем досыць выкарыстання хімічнае зброі. Гэта парушэнне табу, якое дзеіць цягам ста гадоў. Башар аль-Асад зайшоў вельмі далёка. Надышоў час сказаць «не». І гэта было абсалютна правільна», – заявіў міністр замежных справаў Брытаніі Борыс Джонсан.

Іншае думкі трымаецца Масква. І бачыць у гэтым выключна парушэнне міжнароднага права.

У суботу Уладзімір Пуцін размаўляў праз тэлефон з прэзідэнтам Турцыі, а напярэдадні – з прэзідэнтам Ірану. Усе бакі бачаць неабходным пашырыць супрацу. Паведамляецца на афіцыйнай старонцы прэзідэнта Расеі.

Масква збірае хаўруснікаў у рэгіёне. А тыя распальваюць антызаходнія настроі.

Упершыню голас узяў Кітай, які да гэтага трымаўся нейтралітэту.

«Нанясенне ваенных удараў па Сірыі сіламі ЗША, Вялікай Брытаніі ды Францыі парушыла асноўныя прынцыпы міжнароднага права, якое забараняе выкарыстоўваць сілу і парушае Статут ААН», – заявіў прэс-сакратар МЗС Кітаю Хуа Чунь Ін.

Таксама Пекін патрабуе незалежнага расследавання ў справе ўжывання хімічнае зброі ў Сірыі. І толькі пасля – нейкіх высноваў. Аднак удзельнікі заходняй кааліцыі падкрэсліваюць, што нанеслі ўдар, калі ўсе іншыя магчымасці былі выкарыстаныя.

«Мы ўвесь час бачылі нежаданне сірыйскага рэжыму браць удзел у значных перамовах у Жэневе. Мы адкрыта заклікаем, асабліва Расею і Іран, уздзеяць на Дамаск, каб распачаць сур’ёзныя ды змястоўныя абмеркаванні пад эгідай ААН у Жэневе», – падкрэсліла кіраўніца замежнай палітыкі ЕЗ Фэдэрыка Магерыні.

Тэма Сірыі ды расейскіх уплываў – галоўная на сённяшняй сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў Еўразвязу ў Люксембурзе.

«Будзе пастанова, у якой будуць браць удзел усе, хто мае ўплыў на рэгіён. Але ніхто не можа сабе ўявіць, што ў гэтым рашэнні можа прыняць удзел нехта, хто выкарыстоўвае хімічную зброю супраць уласных людзей», – заявіў кіраўнік МЗС Нямеччыны Гайка Маас.

Рада Еўразвязу прыняла сёння пастанову пра хімічнае раззбраенне і нераспаўсюджанне хімічнае зброі.

«Выкарыстанне хімічнай зброі непрымальнае, уяўляе сабою парушэнне міжнароднага права і можа быць ваенным злачынствам ці злачынствам супраць чалавецтва. І гэта не можа быць беспакараным. Тыя, хто вінаватыя ў такіх дзеяннях, мусяць панесці адказнасць», – гаворыыца ў пастанове Рады Еўразвязу.

Таксама сірыйскае пытанне ў цэнтры саміту Лігі арабскіх дзяржаваў у Саудаўскай Аравіі. Там з асаблівым непакоем гавораць пра ўплывы Ірану на баку сірыйскага рэжыму.

«Мы падкрэсліваем нашае абсалютнае асуджэнне выкарыстання хімічнае зброі і лічым гэта злачынствам. Таксама патрабуем незалежнага расследавання», – заявіў міністр замежных справаў Саудаўскай Аравіі Адэль Аль-Джубэйр.

Аднак рэзалюцыю пра незалежнае расследаванне магчымай хімічнай атакі ў Сірыі ў Радзе Бяспекі ААН заблакавала Расея.

На французскім тэлебачанні напярэдадні наўпрост гучыць пытанне журналіста пра датычнасць Расеі да хімічнай атакі ў Сірыі.

«Безумоўна, яны саўдзельнікі, я гэтак і сказаў, а раніцай я размаўляў з Уладзімірам Пуціным. Яны самыя не выкарыстоўвалі хлору, аднак метадычна стваралі няздольнасць міжнароднай супольнасці, каб запабегчы выкарыстанню хімічнае зброі дыпламатычным шляхам», – заявіў Эманюэль Макрон.

І як пакуль Расея не паказвае жадання дыялогу, цалкам падтрымліваючы рэжым Башара аль-Асада ў Сірыі. Афіцыйна – у змаганні з тэрарызмам.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Фота – spiegel.de