Аб'ектыў 13.11.2017 Ва ўрадзе цікавяцца гаманцамі банкіраў. Ці возьмуць іхныя заробкі на кантроль?


Топ-менеджары банкаў зарабляюць занадта вялікія грошы, мяркуюць улады Беларусі. Нацыянальны банк краіны сабраў з фінансавых установаў інфармацыю аб заробках вышэйшага кіраўніцтва. Гэтыя дадзеныя пазней будуць выкарыстаныя пад час нарады з Аляксандрам Лукашэнкам. Чаму ва ўрадзе цікавяцца гаманцамі банкіраў і ці возьмуць іхныя заробкі на кантроль?

Нацыянальны Банк Беларусі сабраў звесткі аб заробках, бонусах і прэміях усіх топ-менеджераў камерцыйных банкаў краіны, паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелаПАН. Эксперты прычынай такіх захадаў называюць заклапочанасць уладаў высокімі працэнтнымі стаўкамі па крэдытах.

На думку чыноўнікаў, калі б заробкі банкіраў былі ніжэйшыя, у Беларусі патанелі б і крэдыты.

«Працэнтныя стаўкі кліентам банкаў, прадпрыемствам і заводам вызначаюцца ў першую чаргу ўзроўнем інфляцыі і фінансавай стабільнасцю самых крэдытазаемцаў. Наўпроставай залежнасці паміж узроўнем заробку кіраўніка банку і працэнтнай стаўкай фактычна няма», – кажа кіраўнік Нацбанку РБ 1991-1995 гадоў Станіслаў Багданкевіч.
Ініцыятыва ўзяць пад кантроль заробкі топ-менеджараў банкаў нічога акрамя папулізму ў сабе не нясе.

Але сабраныя дадзеныя будуць выкарыстаная падчас лістападавай нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях дзейнасці банкаўскай сістэмы. Жаданне ўладаў зноўку нешта зарэгуляваць ужо не выклікае ні ў кога здзіўлення.

Пытанне толькі адное, якім чынам дзяржава будзе рэгуляваць унутраную справу прыватных структураў, якія маюць поўнае права як заўгодна распараджацца ўласнымі прыбыткамі?

«Я супраць такога свярбення ў нашым урадзе і ў нашай дзяржавы, каб умешвацца ў тым ліку і ў банкаўскую сферу, у прыватныя банкі. А што датычыць дзяржаўных банкаў, дык калі ласка, вы ж уласнікі…», – кажа кіраўнік Нацбанку РБ 1991-1995 гадоў Станіслаў Багданкевіч.

Як да гэтай ініцыятывы ўладаў ставяцца самыя банкіры, мы запыталіся кіраўніка Асацыяцыі Беларускіх Банкаў Аляксандра Кучынскага. Арганізацыя аб’ядноўвае 25 айчынных банкаў і 11 фінансавых установаў звязаных з банкаўскім сектарам.

«Калі нейкія дакументы, ці праекты нарматыўных дакументаў абмяркоўваюцца з банкаўскім асяроддзем, гэта робіцца праз нашую асацыяцыю, а тое што вы зараз мне сказалі, я таксама сам раніцай пабачыў у электронных СМІ, больш ніякай інфармацыі ў нас няма, таму што гэты матэрыял праз асацыяцыю не праходзіў», – кажа кіраўнік Асацыяцыі беларускіх банкаў Аляксандр Кучынскі.

Аляксандр Кучынскі дадае, што пытанне абмежавання заробкаў не ўздымалася сярод чальцоў Асацыяцыі. Дзіўна, бо падчас нядаўняй нарады ў Нацбанку, у якой прынялі ўдзел топ-менеджары большасці айчынных банкаў размова пра гэта вялася. Менавіта там было запрапанаванае дырэктыўна абмежаваць заробкі банкіраў на ўзроўні акладу кіраўніка праўлення беларускага Нацбанку.

Па прызнанні былой старшыні ўстановы Надзеі Ермаковай, тры гады таму ейны заробак на гэтай пасадзе складаў каля 2000 долараў у месяц, або 24 тысячы долараў у год. Да параўнання, калі з ініцыятывай абмежаваць выплаты банкірам выступілі ў Расеі, гучала лічба не болей за 5 мільёнаў долараў у год.

Розніца ў 200 разоў! Зразумела, што свае заробкі беларускія банкіры так проста не аддадуць.

«Не выключаныя розныя схемы, калі кіраўнікі банкаў будуць атрымліваць даплаты нелегальна, або будуць іх атрымліваць за межамі краіны і не будуць плаціць з іх падаткі. Дарэчы, у банкаўскім бізнесе гэтыя схемы рэалізуюцца найбольш проста», – кажа старшы аналітык «ALPARI» Вадзім Іосуб.

Ці крэдыты зробяцца ў выніку гэтага больш таннымі? Наўрад ці. Але ў краіне, дзе кіраўнік разумее працу банкаў такім чынам:

«Хто такія банкіры? Яны што, грошы зарабляюць? Яны нашыя грошы дзеляць і яшчэ штосьці там прыцягнуць, выдадуць гэтыя грошы…»

Наўрад ці можна спадзявацца нейкіх іншых захадаў.

Ігар Кулей

Глядзі таксама
Каментары