Ва Украіне можа пачацца шырокамаштабная вайна


Пра пагрозу гуманітарнай катастрофы Міністэрства замежных справаў Украіны папярэдзіла і замежных партнёраў, і генсека Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў. У адмысловым звароце афіцыйны Кіеў паведамляе, што за апошнія дні «расейскія гібрыдныя войскі» праводзяць масавыя атакі на ўсходзе Украіны. Баевікі ўжываюць артылерыю, танкі і рэактыўныя сістэмы Град, у тым ліку з жылых кварталаў Данецку.

Напярэдадні ўкраінскі прэзідэнт перарваў афіцыйны візіт у Нямеччыну праз надзвычайную сітуацыю ў Аўдзееўцы – прамысловым горадзе-спадарожніку Данецку.

«Патрэбныя аб’яднаныя ды рашучыя дзеянні, каб матываваць расейскі бок быць за сталом перамоваў, матываваць выконваць у поўным аб’ёме Менскія пагадненні, у першую чаргу іх кампанент бяспекі. Калі выканання не адбудзецца, мы лічым патрэбным захаваць, а калі спатрэбіцца – і ўзмацніць санкцыйны ціск на Расейскую Федэрацыю». – заявіў Пятро Парашэнка.

Разбурэнні ад артылерыі можна назіраць з абодвух бакоў фронту неабвешчанай вайны

На шахце імя Засядзькі, што пад Данецкам, сёння раніцай адбывалася ратавальная аперацыя. Шахцёрам некалькі гадзінаў дапамагалі сваймі сіламі выйсці на паветра.

У выніку артылерыйскіх перастрэлак без электрычнасці засталася і Аўдзееўка, якую кантралююць украінскія вайскоўцы, і шахта пад кантролем так званай ДНР.

Бакі абвінавачваюць адно аднога ў парушэнні Менскіх пагадненняў

Аднак некаторыя данецкія баевікі ўжо крытыкуюць камандаванне за ўжыванне артылерыі з тэрыторыяў, прылеглых да грамадзянскіх абʼектаў. Не біць па ўкраінскай Аўдзееўцы з жылых кварталаў сваіх паплечнікаў заклікаў Аляксандр Хадакоўскі, былы камандзір брыгады «Восток».

«Адныя любілі выпаўзці да гандлёвага цэнтру «Ашан» і даць у кірунку праціўніка пару-тройку залпаў, не думаючы, што калі паляціць у адказ, то дастанецца ўсім і шмат. Іншыя станавіліся рэгулярна каля вентыляцыйнага ствала шахты Засядзькі ды ўцякалі, калі па ім пачыналі біць у адказ», – сведчыў спадар Хадакоўскі.

Прэс-сакратар Крамля заяўляў, што сілы ДНР захапілі Аўдзееўку

Але, паводле інфармацыі «Белсату» непасрэдна з месца падзеяў, украінскія вайскоўцы не страцілі пазіцыяў ні ў горадзе, і ў прамысловай зоне. Вайскоўцы часткова нават прасунуліся наперад на некалькі сотняў метраў, адпаведна лініі размежавання, прапісанай у Менскіх пагадненнях за 2014 год.

«Яны здзейснілі напад на нас, і, дзякуючы контратацы, мы «на іх спіне» зайшлі на іх пазіцыі і там замацаваліся», – распавёў намеснік камандзіра 72-й брыгады Аляксандр Самарскі.

Сёння ж баевікі ДНР паведамілі, што ў баях пад Аўдзееўкай паранены Міхаіл Талстых. Камандзір групоўкі «Самалі» вядомы мянушкай «Гіві», а таксама ранейшымі катаваннямі і расстрэламі палонных украінцаў. У сённяшнім баі таксама загінуў намеснік «Гіві».

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Celestino Arce Lavin / Zuma Press / Forum