Ва Украіне другі дзень трываюць пякельныя баі ў зоне АТА


«Мы плакалі гэтую ноч»

З Аўдзееўкі аўтобусамі эвакуявалі больш за 70 дзяцей.Нямала мясцовых жыхароў выехала самастойна. Для тых, хто не хоча або не можа выехаць, украінскія службы і валанцёры арганізавалі пункты абагрэву. Ад снарадаў і мінаў у Аўдзееўцы пашкоджаныя будынкі, праблемы з вадой, ацяпленнем і электрычнасцю.

«Уначы ўкрываемся трыма коўдрамі, у куртачцы будзем спаць. Вось так мы бядуем. Калі ж гэтая вайна скончыцца, сыночак? Мы плакалі гэтую ноч. Бамбіла так моцна, страшна, што мы ўздрыгвалі», – дзеліцца жыхарка Аўдзееўкі.

Людзі церпяць і фізічна, і маральна.

Параненыя і забітыя ёсць на абодвух баках фронту, як сярод вайскоўцаў і баевікоў, гэтак і сярод мірных жыхароў. Сітуацыю ў Аўдзееўцы пад асабістым кантролем трымае прэзідэнт Украіны, а спікер Вярхоўнай Рады вылецеў на месца падзеяў. Паводле Пятра Парашэнкі, баевікі самаабвешчанай ДНР вярнуліся да ўжывання рэактыўных сістэмаў «Град», але вайскоўцы ведаюць, як адказваць на атакі.

Украінцы будуць атакаваць

«У нашых вайскоўцаў няма аніякага загаду не адказваць на знішчальны агонь. Яны маюць усе магчымасці абараняць сябе. Адзінае абмежаванне: калі злачынцы, расейскія баевікі размяшчаюць артылерыйскія сістэмы, танкі ды сістэмы рэактыўнага агню непасрэдна ў жылых кварталах Данецку і Ясінаватай. У нас ёсць дакладныя доказы гэтага», – даводзіў прэзідэнт Украіны.

Баевікі абстрэльваюць рамонтныя брыгады энергетыкаў

Аўдзееўскі коксахімічны завод – градаўтваральнае прадпрыемства – з-за перабітага электразабеспячэння распачаў частковую кансервацыю. Паводле міністра ўнутраных справаў Украіны, баевікі абстрэльваюць рамонтныя брыгады энергетыкаў.

«Абстрэлы цывільнай інфраструктуры – гэта асаблівае злачынства. Але, калі з дапамогай свядомай эскалацыі сітуацыі нам не даюць распачаць рамонту электрычных і цеплавых сетак, гэта свядомае правакаванне гуманітарнай катастрофы», – упэўнены міністр Павел Клімкін.

«Гэта не мы» – кажуць у Данецку

«Мы працягнем выконваць замірэнне пры ўмове, што ўкраінскі бок спыніць абстрэлы «Данецкай народнай рэспублікі». Важна адзначыць, што ўкраінскія ўлады самі парушылі электразабеспячэнне ў выніку адключэння падачы электраэнергіі ў горад Аўдзееўка для абвінавачання нас у правакацыі», – зазначыў Эдуард Басурын, вайсковец ДНР.

Аляксандр Захарчанка, прызначаны кіраваць самаабвешчанай рэспублікай, са зброяй у руках абвінавачвае ўлады Украіны ў эскалацыі канфлікту.

«Украіна пачала актывізаваць баявыя дзеянні толькі таму, што Расея і Амерыка знайшлі кропкі паразумення», – мяркуе спадар Захарчанка.

Сітуацыя вельмі напружаная не толькі на Данбасе

Як паведамляе Міністэрства абароны Украіны, у Чорным моры каля Адэскага газавага радовішча з захопленых Расеяй нафтавых вышак абстралялі ўкраінскі транспартны самалёт. Экіпаж не пацярпеў, самалёт вярнуўся на аэрадром.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum