Ужо 10 гадоў «Белсат» разам з вамі


Дзесяць гадоў – столькі наш тэлеканал і нашая праграма «Аб’ектыў» вітае спадарства штодня. І ўсё гэта вялікая праца дзясяткаў нашых журналістаў.

Затрыманні, перашкоды, суды і велізарныя штрафы. Але мы працуем. Працуем, бо ў гэтай працы вы – нашыя гледачы – чакаеце нашых эфіраў, а таксама дапамогі. І за гэтыя дзесяць гадоў атрымалася дапамагчы не аднаму беларусу. Калі прыехаў і расказаў пра вашыя праблемы «Белсат», раптам вас пачулі. Такіх гісторыяў мноства. І для кожнае варта было працаваць.

Без вас, нашых гледачоў, няма «Белсату». Сёння кожны трэці з апытаных намі беларусаў, ведае, што такое «Белсат».

Штодзень мы прыходзім у вашыя дамы. І нясем інфармацыю па-беларуску і без цэнзуры ўжо дзесяць гадоў. А таксама вы ідзяце да нас за дапамогаю. Часам там, дзе на шляху вялізныя перашкоды. Як жыхары сацыяльнага дому на вуліцы Ясневая з Берасця, дзе жытло не было прыстасаванае для вазочнікаў.

«Мы пайшлі разам з вамі на прыём да намесніка старшыні аблвыканкаму Сакоўскага. Ён паабяцаў зрабіць для нас пандусы ў трох падʼездах, бо ў нас у трох падʼездах сацыяльнага дому жывуць вазочнікі. Вось прайшоў год – падʼёмнікі стаяць», – кажа жыхарка дому.

Яшчэ трэба шмат што зрабіць у гэтым гэтак званым сацыяльным доме. Але мы робім разам.

Цяпер жыхары на вазках могуць выйсці самастойна ўва ўсіх трох падʼездах.

І няма нічога больш прыемнага для нас, як знішчаць такія парогі. А ад вас чуць добрыя словы.

Нашая каманда дзякуе вам за давер і за тое, што застаяцеся з намі.

«Пасля звароту на «Белсат», я лічу, што ўлады больш рэагуюць. Не ведаю, чаму, але рэагуюць пасля паказу на «Белсаце». У навінах пакажуць, што ёсць праблема ў вёсцы – і ўлады больш рэагуюць», – дзеліцца меркаваннем наш глядач.

А таму ў смутку і радасці, святах і праблемах мы разам з вамі – ужо дзесяць гадоў!