Узброенае войска супраць мірнага народу


Фота Сяргей Гудзілін \ rbk.ru

Сотні аўтазакаў, вадамёты, узброенае войска, Менск быццам на ваенным становішчы – усё гэта супраць мірных беларусаў, якія хацелі адзначыць Дзень Волі на сваёй зямлі.

Зачысткі за некалькі дзён перад 25-м сакавіка, арышты раніцай у суботу, страшылкі, які хваляй ліліся з дзяржаўных медыяў – нішто не адбіла жаданне ў тысяч беларусаў выйсці ў цэнтр сталіцы і паказаць сваю смеласць. Ды стаць тварам у твар з узброенымі ахоўнікамі ўлады.

Яшчэ ніколі святкаванню Дня Волі не папярэднічала такая хваля агульнанацыянальных пратэстаў як сёлета. І яшчэ ніколі беларускія ўлады не распачыналі такую хвалю рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці. Дзень Волі сустракаюць за кратамі сотні актывістаў, у тым ліку практычна ўсе лідары беларускай апазіцыі.

Улады зрабілі ўсё, каб сарваць вулічную акцыю па святкаванню Дня Волі. Месца збору ўдзельнікаў каля Акадэміі навук было блакавана за некалькі гадзінаў да пачатку акцыі. Усе навакольныя двары, былі літаральна нашпігаваныя сілавікамі і спецтэхнікай, падыходы да Акадэміі навук былі блакаваныя.

Яшчэ да пачатку акцыі быў затрыманы палітык Дзяніс Садоўскі. Мікола Статкевіч, які браў на сябе адказнасць за арганізацыю Дня Волі, знік яшчэ напярэдадні акцыі. Таксама за гадзіну да пачатку мітынгу быў разгромлены офіс праваабарончага цэнтру «Вясна». Былі затрыманыя больш за паўсотню праваабаронцаў, некалькі гадзінаў яны правялі ў Першамайскім РАУС.

Таццяна Равяка, праваабаронца:

«Агулам у сталіцы брутальна былі затрыманыя сотні, магчыма тысячы чалавек. Затрыманні адбываліся без аніякіх тлумачэнняў, людзей наўпрост запіхвалі ў аўтазакі».

Каб яшчэ больш запалохаць мітынгоўцаў праспект Незалежнасці каля плошчы Якуба Коласа некалькі разоў перакрывалі не супрацоўнікі міліцыі, а вайскоўцы.

Упершыню з 2010 года, каб разагнаць мірных дэманстрантаў на вуліцы былі выведзеныя байцы ўнутраных войскаў.

Вядома што затрыманых адвезлі ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна, а таксама ў Жодзінскае СІЗА. Пры гэтым абодва ізалятары напярэдадні адмыслова рыхтавалі, каб яны маглі прыняць вялікую колькасць асобаў «на содні».

Праз тое што ўдзельнікі акцыі былі адсечаныя адзін ад аднаго, цяжка падлічыць, колькі агулам у сталіцы выйшла святкаваць Дзень Волі ў сталіцы, але па папярэдніх падліках, гэта не менш за некалькі тысяч чалавек.

Нягледзячы на брутальныя затрыманні сярод удзельнікаў акцыі гучалі заклікі выходзіць на новы мітынг 26 красавіка.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu