Канкурэнт, якога нават канкурэнтам назваць нельга, бо фактычна гэта забойца! Гандляры трыкатажам на рынку ў Рэчыцы не хаваюць свайго адмоўнага стаўлення да крамы «Нішон», што з’явілася ў горадзе ўвесну – як і дзясяткі такіх крамаў па ўсёй Беларусі. Кошты на аналагічныя тавары ў прадпрымальнікаў з Узбекістану ўдвая, а то і больш таннейшыя, чымся ў беларускіх.
«Нашыя прадпрымальнікі сплачваюць увазны ПДВ – 20%, яны сплачваюць ФСАН, а калі ёсць найманы працаўнік, то і за найманага працаўніка. І цудаў не бывае ў эканоміцы! То бок усе выдаткі складваюцца. І, на сённяшні дзень, з гэтых выдаткаў і прыбытку прадпрымальнікаў, выцякае сама цана», – тлумачыць Анатоль Шумчанка, лідар прадпрымальнікаў.
Паводле Шумчанкі, тлумачэнне, чаму тавар набываюць у адных і тых жа маскоўскіх гуртавікоў, але рэчыцкім пакупнікам прапаноўваюць ужо з гэткаю нерэальнаю розніцаю, ёсць: ува ўзбекскіх дзялкоў, відавочна, ёсць апекуны сярод мясцовых чыноўнікаў.
«Глядзіце, гэта дзіцячае. Мы вось купілі. Напісана: «Made In Uzbekistan, 100% cotton». Але цэтлікаў аніякіх няма, маркіроўкі аніякай няма!», – паказвае Шумчанка спрэчны тавар.
Пры гэтым «Нішон» працуе без касавага апарату, сертыфікатаў якасці і суправаджальных дакументаў, што ёсць парушэннем закону. Зрэшты, звычайных грамадзянаў, якія ўсё часцей стаяць перад выбарам: набыць паесці ці абноўку – адсутнасць нейкага там квітка не бянтэжыць.
«Глядзіце халацік. Ён неблагі. 100 адсоткаў бавоўна! Памер ёсць, цана ёсць. І дзесяць рублёў, а на рынку самы танны – дваццаць рублёў! Дым можна браць? Можна!».
«Быў на рынку. Вось красоўкі і заплечнік купіў, за ўсё аддаў 80 рублёў. А тут за 50 рублёў цэлы пакет назбіраў. Вельмі выгодна! Добра, што ёсць такая крама!».
– радасна дзеляцца пакупнікі, да якіх звяртаецца «Белсат».
«З нашым бізнесам мы ўжо, адкрытым тэкстам сказаць вам, практычна стаім на каленях. У суботу паўрынка прастаялі па нулях людзі. Сёння мы стаім – па нулях! У іх прыбыццё тавару – аўторак-субота. Вось гэтак выглядае нашая праца. Калі гэтак і далей будзе, то, я думаю, нядоўга засталося нашым прадпрымальнікам стаяць на рынку», – наракае прадпрымальніца.
Хоць «Нішон» гандлюе даслоўна каля сценаў мясцовага выканкаму. А таму шукаць праўды прадпрымальнікі збіраюцца ў найвышэйшых інстанцыях. Пад патрабаваннем разабрацца ў сітуацыі да Міністэрства эканомікі і Дзяржаўнага кантролю падпісаліся 179 чалавек.
«Прадпрымальнікі баставалі столькі часу за тое, каб дамагчыся нейкім чынам рэалізацыі сваіх правоў. Лукашэнка гаварыў, што патрэбныя роўныя ўмовы. Тут мы бачым тавары з Узбекістану, якімі не маюць права гандляваць, але гандлююць і забіваюць наш беларускі бізнес. Дык прабачце, а дзе роўныя ўмовы?», – скардзіцца Анатоль Шумчанка.
Дарэчы, «Нішон» з узбекскай перакладаецца як «узнагарода». Хто ж атрымлівае ад непрыхаванага дэмпінгу па ўсёй краіне галоўную ўзнагароду – пытанне і да Следчага камітэту.
Валер Руселік, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum