Узбекістан: замест падатку на дармаедства – прымусовыя працы


Пакуль улады Беларусі спрабуюць праз падатак на дармаедства папоўніць бюджэт, ва Узбекістане дзеці, дактары, настаўнікі і дзяржаўныя службоўцы прымусова выязджаюць працаваць на баваўняныя палі. Тых жа, хто спрабуе супрацьстаяць выкарыстанню гэткіх нявольнікаў, улады краіны арыштоўваюць ды нават змяшчаюць у псіхіятрычныя шпіталі.

ААН неаднаразова заяўляла аб парушэнні правоў чалавека

Улады Узбекістану палітыкі не змяняюць ды пераследуюць мясцовых праваабаронцаў, якія выступаюць супраць прымусовай працы.

Дзяржава выкарыстоўвае ручную працу

За гады незалежнасці Узбекістану з палёў цалкам знікла тэхніка для збірання бавоўны. Пры гэтым праблема беспрацоўя ніяк не развязваецца, бо да працаў на зборах прыцягваюць людзей, якія маюць працу, лічачы ўборку грамадскаю нагрузкай.

Чаму так здарылася?

Праблема былых рэспублік Цэнтральна-Азіяцкага рэгіёну ў тым, што ў свой час Савецкая ўлада перанесла іх з феадальных адносін у сацыялістычныя, абмінуўшы сферу развіцця індустрыяльнага капіталізму. Пасля развалу СССР гэтыя краіны альбо прыйшлі да таго, адкуль сышлі, альбо засталіся на тых жа пазіцыях. Узбекістан фактычна сумясціў сацыялістычны досвед з феадальнымі традыцыямі.

Улады ўсталёўваюць нормы збору бавоўны на аднаго чалавека

Час, выдаткаваны на гэтую працу, не залічваецца ў працадні, і нярэдка людзі марнуюць свае выходныя на гэтай прымусовай працы.

Журналісту нашага тэлеканалу Аркадзю Несцярэнку, які пабываў ва Ўзбэкістане, удалося на ўмовах ананімнасці пагаварыць з працаўнікамі бюджэтных структур.

«Бываюць выпадкі, калі прымушаюць збіраць бавоўну да сотні кілаграмаў на дзень, але гэта нават для мясцовых жыхароў, нават спрактыкаваных, вельмі цяжка. Яшчэ бываюць такія выпадкі, калі аўтобус з аднаго месца едзе ў іншае, яго спыняюць пасярод баваўнянага поля, людзі выходзяць і збіраюць поўную норму», – здзіўляе Аркадзь.

Узбекістан досыць закрытая дзяржава

У 2011 годзе ў краіне зліквідавалі офіс міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Human Rights Watch». Паводле ацэнак расейскага праваабарончага таварыства «Мемарыял», колькасць палітвязняў ва Узбекістане большая, чымся ўва ўсіх астатніх постсавецкіх дзяржавах разам узятых.

Аляксандр Яшчанка, «Белсат»