Увядуць новы падатак... на збіральніцтва ў лесе


Падаткі, падаткі ды яшчэ раз падаткі. Следам за спагнаннямі за дармаедства беларусаў чакаюць новыя выдаткі. Назбіраў у лесе грыбоў і ягад – заплаці. Гэта прадугледжвае пастанова Савету Міністраў. Пра што гаворыцца ў дакуменце?

Як выжыць у Сінявокай?

Кожны стараецца знайсці свой спосаб. Зарабіць, а пры магчымасці прынесці радасць іншым. Гэтак дзясяткі гадоў працуюць пчаляры непадалёк Альшанаў на Берасцейшчыне.

«У нас вельмі якасны мёд. Калі прыходзілася некуды яго даваць, усе былі здзіўленыя: адкуль такі мёд? Што гэта за мёд? Мы такога ніколі не каштавалі», – троху фанабэрыцца Аляксандр Клачко, пчаляр з Альшанаў.

Жыхарам жа вёскі Бабовічы на Гомельшчыне лес – немалаважны ў жыцці. Значная частка хатняй гаспадаркі кожнага, а нават і некаторыя прыбыткі трымаюцца за кошт лясных дароў.

«Каб нешта купіць паесці. Прадаць і нешта іншае купіць. Вы думаеце, што багата жывем тут?»

«Гэта мая праца, лес блізка, мы тут выраслі».

– кажуць жыхары Бабовічаў.

Жыццё ўсіх гэтых людзей можа ўскладніцца

У найбліжэйшым нарыхтовачным сезоне збіральнікаў можа чакаць неспадзяванка. А канкрэтна – пастанова Савету Міністраў № 927. Паводле дакументу, за карыстанне лесам давядзецца заплаціць адмысловы збор, які будуць налічваць ад базавай велічыні.

Коратка: плаціць трэба будзе за ўсё

За грыбы, ягады, зёлкі, арэхі, сокі з дрэваў, размяшчэнне пчаліных пасекаў, а нават за кару пні ды карані зборшчыкам давядзецца заплаціць. Дадаткова пад аплату трапляюць культурна-аздараўляльныя, турыстычныя ды іншыя мерапрыемствы ў лесе. Да прыкладу, за адзін кілаграм грыбоў трэба будзе выдаткаваць прыблізна дваццаць тры капейкі.

«Калі прасачыць апошнія два гады, экспарт ягад і грыбоў у Расею і Еўразвяз павялічыўся. Дзяржава зразумела, што з гэтага можна патрымаць грошы. Гэта пачатак збору новых падаткаў», – упэўнены праваабаронца Алег Волчак.

Пастанова Савету Міністраў выклікае сур’ёзныя сумневы

Галоўную супярэчнасць стварае змест Ляснога кодэксу Беларусі. У артыкуле 42 прапісана:

«Грамадзяне маюць права свабодна заставацца на тэрыторыі ляснога фонду і без дазваляльных дакументаў бясплатна здзяйсняць для ўласных патрэбаў збор ягадаў, грыбоў, пладоў, арэхаў (….)».

На каго ж распаўсюджваецца падатак?

У Міністэрстве лясной гаспадаркі ўдакладняюць: новаўвядзенне ўраду закране толькі юрыдычных асобаў, тых, хто збірае лясныя рэсурсы на продаж. Вось толькі праблема ў тым, што дакумент Савету Міністраў не ўзгадвае пра такое ні словам.

«Будзе вельмі складана разабрацца, хто збірае на продаж, а хто сабе для дому. Гэты закон зроблены для таго, каб была зачэпка, каб прыцягнуць чалавека да адказнасці або прымусіць плаціць падатак», – зазначыў спадар Волчак.

А таму без адказу застаецца пытанне: да якой катэгорыі залічаць не юрыдычных асобаў, якія гандлююць ляснымі дарамі пры беларускіх дарогах? Відавочна, новы закон можа ўдарыць чарговы раз па самых маламаёмных.

Ян Бабіцкі, «Белсат»