Менск. Продаж кватэраў з нерэальнай зніжкай


У жыццё беларусаў вярнулася яшчэ адна савецкая звычка – стаяць у чарзе на марозе, каб набыць штосьці дэфіцытнае.

На вуліцы Гвардзейская ў Менску некалькі дзясяткаў чалавек пазменна стаяць у чарзе дзень і ноч. Чакаюць, пакуль Упраўленне капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёну – у народзе УКС – абвесціць праектавую дэкларацыю на танныя кватэры. П’юць гарбату з тэрмасаў, мяняюцца са сваякамі, наракаюць, што бясплатнага жытла, як у Савецкія часы, больш няма.

«Кожны пенсіянер у шоку ад таго, што робіцца. Што нашыя дзеці стаяць у чарзе па 10-15-20 гадоў. У наш час неяк вылучалі маладым спецыялістам, і такіх праблемаў не было. А цяпер пенсіянеры могуць галадаць, каб дапамагчы сваім дзецям», – кажа адна з жанчын у чарзе.

«Мы стаялі за мэбляй, за спальнямі, гарнітурамі. Як будзе, так будзе. Трэба кватэра», – дадае іншая жанчына.

Гаворка пра кватэры ў доме па вуліцы Выгоцкага, у мікрараёне Навінкі.

Мінулы раз, у лістападзе, дайшло ледзь не да бойкі, калі УКС абвесціў аб коштах $ 610–630 за квадратны метр. За некалькі дзён да прыёму дакументаў пад дзвярыма Упраўлення сфармавалася новая чарга з моцных мужчын, што не прапускала людзей, якія запісваліся ў чаргу яшчэ летась. Каб не з’явілася новая такая арганізаваная групоўка, цяперашняя чарга зарганізавалася загаддзя. Нават адпачынкі ўзялі. Кажуць, што тут простыя людзі з малымі прыбыткамі.

Сярэдні рынкавы кошт жытла ў Менску – каля $ 1100

У атрыманні кватэры ўпэўненая толькі сям’я з чатырма дзецьмі.

Астатнія чакаюць. Інфармацыі пра новыя кошты са зніжкай няма. Прадстаўнікі ўпраўлення з журналістамі размаўляць адмовіліся. Вядома толькі, што гэтыя танныя кватэры раней за сакавік усё роўна атрымаць не ўдасца.

Глядзіце матэрыял Яраслава Сцешыка ў відэа