Аб'ектыў 25.04.2017 Усё пра аўтакатастрофу беларускага аўтобуса ў Польшчы


18 беларусаў атрымалі траўмы, адна жанчына ў цяжкім стане трапіла ў шпіталь. Такі вынік аварыі, у якую аўтобус з чатырма дзясяткамі нашых суайчыннікаў трапіў на тэрыторыі Польшчы, па дарозе з Чэхіі.

Аварыя адбылася а палове на чацвёртую раніцы на аўтастрадзе А2. Аўтобус выехаў з дарожнай паласы, заехаў на ўзбочыну і перакуліўся.

Адна беларуска моцна пацярпела

Жанчыну, што пацярпела найбольш, ратаўнікі выцягнулі з-пад аўтобуса – яе заціснула. Верталётам пацыентку даставілі ў Брудноўскі шпіталь у Варшаве. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у яе траўма галавы і грудной клеткі. Іншыя пацярпелыя пасажыры аўтобуса былі размеркаваныя па сямі шпіталях у Варшаве і Лодзі для агляду.

Ужо вядома, што жыццю беларускі, якая пацярпела найбольш, нічога не пагражае. Разам у аўтобусе быў 41 чалавек.

«Кагосьці лекары агледзелі, выпускаюць, кагосьці зноў вязуць да шпіталю. 2 гадзіны таму яшчэ трох чалавек давезлі, але там такія – хтосьці галавой стукнуўся, хтосьці сіняк пасадзіў», – падзяліўся Валер Цынкевіч, кіраўнік консульскага аддзелу ў Польшчы.

Інцыдэнт адбыўся ў вёсцы Завады ў Лодзкім ваяводстве Польшчы

Прычынаў пакуль не паведамляюць. На месца здарэння прыехалі 10 пажарных машын, 8 машын хуткай дапамогі і паліцыя.

«Выцягнуць аўтобус, які важыць 13 тон, перакінуць яго праз барʼеры абапал дарогі – няпростая праца. Аднак нам удалося зрабіць яе досыць удала», – зазначыў прадстаўнік паліцыі.

Кіроўца быў цвярозы

Ён сеў за стырно, змяніўшы калегу, незадоўга да моманту аварыі – а таму наўрад ці ён заснуў. Кіроўца прытомнасці не страціў, ён памятае момант аварыі ды кажа, што не ведае, чаму аўтобус зʼехаў у кювет. Магчыма, прычына ў тэхнічным стане машыны, якую цяпер будуць правяраць адмыслоўцы.

Марына Вашкевіч, «Белсат», фота: radiolodz.pl

Глядзі таксама
Каментары