Усё часцей беларусы трапляюць у ДТЗ за мяжою


Заснуў за стырном, з’ехаў у кювет. Аўтобус «Экалайнс» маршруту Менск-Адэса трапіў у аварыю ва Украіне.

Здарэнне мела месца ў Жытомірскай вобласці. Гэта ўжо трэцяя аўтобусная аварыя, у якой апынуліся нашыя суайчыннікі за мяжой. Як выбраць адпачынак, каб не трапіць замест мора ў шпітальны ложак?

Ехалі на пляж, заваліліся ў кювет. Паводле сведчання відавочцы, аўтобус перасек сустрэчную і вылецеў за ўзбочыну.

«Кіроўцы памяняліся пасля мяжы. Першы пайшоў спаць, другі за стырном выключыўся. Пакуль ехалі па жахлівай дарозе, ён еў цукеркі ды трымаўся, а як выехалі на добры кавалак, заснуў».

На шчасце, ніхто не пацярпеў.

Але аварыі з удзелам беларусаў у гэтым месяцы перасталі быць рэдкасцю. Пасажырам, якія на мінулым тыдні ехалі з Гомля ў Адэсу, пашчасціла куды меней. Бусік урэзаўся ў зламаны цяжкавік, прыпаркаваны з правага боку. Кіроўца і яшчэ 4 пасажыры загінулі на месцы, 12 чалавек трапілі ў мясцовы шпіталь.

Аварыі адбываюцца не толькі ва Украіне. У пачатку ліпеня аўтобус з беларускімі дзецьмі перакуліўся ў Румыніі. Дзеці ехалі на мора ў Балгарыю. Усё абышлося драпінамі.

Аўтобусныя перавозчыкі прывабліваюць беларусаў сваймі нізкімі коштамі. Замест купэ ў цягніку або хутчэйшага самалёта нашыя суайчыннікі выбіраюць менш зручныя, але куды больш танныя аўтаперавозкі. Але таннасць не азначае бяспекі.

Гэтак, напрыклад, з Гомля трапіць наўпрост на мора можна нават за 50 рублёў. Чыгункаю такая паслуга будзе каштаваць прынамсі ў два разы даражэй.

Але вяртаючыся да аварыі. Сяргей Штода – кіроўца з вялікім стажам – сцвярджае: у доўгіх аўтобусных падарожжах адзін кіроўца не можа кіраваць больш за 4 з паловаю гадзіны запар. А ў надзвычайным выпадку ўсё ж лепш спазніцца на вакзал, чымся паспець на той свет.

«Трэба было зрабіць нейкі комплексны прыпынак каля якой-небудзь кавярні альбо на запраўцы. І проста паўгадзіны паспаць. Адысці ад графіку. Думаю, усе б людзі згадзіліся», – кажа Сяргей Штода.

Аварыя можа здарыцца з любым перавозчыкам, і цана квіткоў, на думку эксперта, – усё ж не паказнік. Тым не менш пры выбары фірмы варта звяртаць увагу на агульныя водгукі пасажыраў, а таксама на тэхнічны стан аўтобуса.

«Трэба пасажырам трохі смялей не забываць пра свае правы. Кожны грамадзянін – ён таксама кліент, можа задаць нейкае пытанне і зрабіць заўвагу», – кажа Сяргей Штода.

Дадаткова, ёсць яшчэ адна рэч, якая здольная часткова засцерагчы вас ад траўмаў.

У Беларусі пакуль рамяні бяспекі ёсць не ў кожным аўтобусе. Тым не менш, калі такое прыстасаванне маецца на вашым сядзенні, варта з яго скарыстацца. Можа, не так выгодна, але ўсё ж менш рызыкоўна.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

ВІДЭА. ФОТА

FACEBOOK.COM/NASCJA MASHCHAVA

MK.NPU.GOV.UA

vk.com/zhl_good

adevarul.ro