Усё больш беларусаў жывуць у доўг. Пазыка ў выглядзе спажывецкіх крэдытаў – Br 2,7 млрд


Жыццё ў крэдыт усё больш папулярнае сярод беларусаў. Ад студзеня жыхары нашае краіны пазычылі ў банкаў на пакупкі амаль мільярд рублёў. Банкі даўно выканалі гадавыя планы і гатовыя даваць у крэдыт усё больш. Але, як вядома, рана ці позна за ўсё даводзіцца плаціць.

«Па-першае, зніжэнне адсоткавых ставак. То бок крэдыты сталі больш дасяжныя. Па-другое, гэта рост прыбыткаў насельніцтва», – кажа старэйшы аналітык «ALPARI» Вадзім Іосуб.

Рэальная заработная плата ў кастрычніку вырасла на 10 % у параўнанні з тым жа леташнім перыядам.

Як ні парадаксальна, чым больш людзі зарабляюць, тым больш гатовыя пазычаць. Перадусім на недасяжныя раней пакупкі.

Асноўны аб’ём крэдытаў прыпадае на самыя заможныя рэгіёны краіны: Менск і Менскую вобласць.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ

«Бывае, што штосьці ламаецца нечакана, той жа тэлевізар. А адразу з нашымі заробкамі мы не можам сабе купіць. Таму і карыстаюся, так».

«Ніводнага крэдыту не бралі, стараемся не браць, таму што сітуацыя эканамічная непрадказальная і апасаемся».

«Крэдытная сістэма Беларусі слабенькая, Можна трапіць у кабалу».

Тым часам банкі адзначаюць, што беларусы спраўна сплачваюць свае даўгі. Згодна са статыстыкаю Нацыянальнага банку, на 1 лістапада праблемная запазычанасць склала крыху больш за адсотак ад усяго крэдытнага партфеля банкаў. Небяспека хаваецца ў іншым.

«Калі такое крэдытаванне доўжыцца доўга, гэта становіцца фактарам перагрэву эканомікі. І рост крэдытавання адмоўна ўплывае на стабільнасць нацыянальнай валюты, садзейнічае росту інфляцыі. Ад перагрэву сітуацыя, я думаю, яшчэ далёкая, хаця паскарэнне замежнай валюты мы ўжо назіраем», – кажа старэйшы аналітык «ALPARI» Вадзім Іосуб.

Яшчэ адзін негатыўны фактар, які можа паўплываць на рост гаспадаркі, – дырэктыўнае павышэнне заробкаў.

Пра рост у наступным годзе заработнай платы бюджэтнікаў заявіла міністр працы Ірына Касцевіч у праграме «Контуры» на ОНТ:

«Плануецца выйсці ў сярэднім на 18-год – пры кансерватыўным сцэнары – на 700 рублёў. Калі канешне эканоміка забяспечыць адпаведны рост – а задача стаіць 103,5 адсотка ВУП – то я думаю, 760 рублёў у бюджэтнай сферы мы можам забяспечыць».

Эксперты папярэджваюць, што рост заробкаў ужо перавышае рост вытворчасці працы. А гэта стварае рызыкі для цэнавай стабільнасці ды валютнага рынку. Працяг такой палітыкі можа прывесці да росту інфляцыі і абясцэньвання нацыянальнай валюты.

Вольга Жарнасек belsat.eu