Усіх затрыманых па «справе БелТА» вызвалілі


Паводле Следчага камітэту, рэдактарка tut.by прызнала, што з ейнага ведама працаўнікі парталу незаконна атрымлівалі доступ да платнай падпіскі інфармацыйнага агенцтва БелТА. Пасля гэткага трыумфу следства, актыўныя следчыя дзеянні, падаецца, прыйшлі да лагічнага заканчэння, усе падазраваныя на свабодзе. Пытанне, што далей і навошта ўсё гэта было патрэбнае?

Сёння на волю выйшлі апошнія затрыманыя: рэдактарка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірына Леўшына і журналіст медыякампаніі «Нямецкая хваля» Паўлюк Быкоўскі.

«Я з аўторка яшчэ чакала, калі пачаліся вобшукі, калі Марыну Золатаву і журналістак іншых, рэдактароў «Тут.бай», Таццяну Каравянкову затрымалі … Я вось усё думаю, чаму Таню Каравянкову, а не мяне. Яна журналіст, я – рэдактар. Таму я чакала, а ў сераду мяне не затрымалі, і гэта ўсыпіла мяне пільнасць», – кажа Ірына Леўшына, галоўная рэдактарка БелаПАН.

Рэшта калегаў, якія трапілі ў вір белтаўскага хапуна, – таксама на свабодзе і не могуць каментаваць следчых дзеянняў.

«Відавочна, вельмі доўга ўважліва глядзелі за «Тут.бай», і калі гэта ўсё, што змаглі, – гэта тое, што яны выдалі, ну… значыць, мы добра працуем».Пра якасць працы незалежных журналістаў увогуле і «Тут.бай», сярод іншага, кажуць і апытаныя намі менчукі. Усе, хто чуў пра справу, даведаўся пра яе не з БелТА ці дзяржаўных медыяў», – мяркуе Ганна Калтыгіна, рэдактарка аддзелу навінаў «tut.by».

Жыхары Менску:

«Вось я цяпер іду на вайсковыя могілкі, магу сказаць, што без «Тут.бай», без радыё «Свабода», без «Белсату» мы не змаглі б падняць такую хвалю і падняць увагу да нашай праблемы. Таму людзі, калі вы не дапаможаце абараніць нашыя медыі, застаняцеся ў безабароннай сітуацыі».

«Гэта імідж краіны і ўсяго астатняга. На «Тут.бай» гэта напісанае, пайшлі іншыя артыкулы, трэба ж трошкі думаць я, як і ўсе людзі, – ведаю толькі тое, што напісана на «Тут.бай».

«Я «Тут. Бай» чуў і яшчэ хтосьці, але не памятаю. Наколькі я зразумеў, у журналістаў кампаніі быў несанкцыянаваны доступ да платнай інфармацыі».

Афіцыйна сітуацыя выглядае так: хтосьці з падпісантаў афіцыйнага інфармагенцтва БелТА паскардзіўся на праблему доступу да свайго акаўнту. І тыя тут жа звярнуліся ў Следчы камітэт. Як гэта вырашаецца ўва ўсіх іншых рэдакцыях.

«Калі рэдакцыя А заўважае, што рэдакцыя Б тырыць іхны кантэнт, адказныя асобы з рэдакцыі А звязваюцца з рэдакцыяй Б. І пытаюцца, што гэта за фігня. Рэдакцыя Б звычайна выбачаецца, кажуць, недагледзелі, і выпраўляе свае памылкі», – кажа Сяргей Пульша, намеснік галоўнага рэдактара газеты «Новы Час».

Калі ж рэдакцыя Б не рэагуе на патрабаванні, якіх, як мы ведаем са словаў дырэктаркі БелТА Ірыны Акуловіч, нават не было – тады да справы падключаецца суд. Гэтак было ў справе блогера Матолькі, чый здымак без дазволу і пазначэння аўтарства выкарыстала Белтэлерадыёкампанія. Тады, праўда, суд прыйшоў да высновы, што аўтарскія правы дзяржаўных медыяў не датычаць.

«Следчыя дзеянні ў гэтым выпадку мусяць быць вельмі простыя: вылічэнне IP і вылічэнне чалавека, які карыстаецца гэтым паролем. Тут не трэба ўломвацца да кагосьці, праводзіць вобшукі – дастаткова даслаць позву», – адзначае намеснік галоўнага рэдактара газеты «Новы Час».

Але замест гэтага праваахоўнікі пры актыўнай дапамозе калегаў з дзяржаўных медыяў зладзілі хапун, атрымалі доступ да ўнутранай інфармацыі «Тут. Бай», праслухалі тэлефоны журналістаў і нагадалі, што любая лібералізацыя ў нашай краіне можа быць адмененая няправільным паролем.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»