Ушчыльненне дастала. Магілёўцы гатовыя перакрыць вуліцы


Пазітыўны вынік натхняе. У пазамінулым годзе магілёўцы выступілі супраць ушчыльнення і перамаглі. Сёлета эстафету перахапілі іхныя суседзі. Жыхары трох дамоў на Пушкінскім праспекце пратэстуюць супраць будаўніцтва ў іхным двары элітнага пяціпавярховіка. Напярэдадні адбылася сустрэча гараджанаў з прадстаўнікамі ўлады.

Жыхары пратэстуюць, чыноўнікі тлумачацца

«Усё заканадаўства па будаўніцтву і падрыхтоўкі да будаўніцтва гэтага дому, яно выкананае. І парушэнняў пры ім няма», – дарэмна даводзіў прысутным Станіслаў Мыслівец, першы намеснік старшыні адміністрацыі Кастрычніцкага раёну.

«Тут увогуле дзе ставіць дом? Я два дні хаджу вакол і рыдаю, плачу», – абураецца мясцовая жыхарка.

Замест дзіцячай пляцоўкі ды зялёнай зоны

Новая забудова плошчаю 400 квадратных метраў, паводле інфармацыі на старонцы Магілёўскага гарвыканкаму, мае з’явіцца паміж трыма дамамі ды садком – замест дзіцячай пляцоўкі, паркоўкі, смеццевых кантэйнераў і зялёнай зоны.

У справе новага дому праводзіліся грамадскія слуханні – летась з канца лютага да канца сакавіка, даводзіць прадстаўнік адміністрацыі раёну спадар Мыслівец.

«У нас ёсць рэгламент працаў, на падставе якога даюцца абвесткі наконт грамадскіх слуханняў. Я думаю, яны былі выкананыя на 100%. Інфармацыя была размешчаныя ў тых сродках і тых месцах, дзе гэта трэба было», – тлумачыць чыноўнік.

То бок у дзяржаўнай газеце «Веснік Магілёва» і ў абвестках на падʼездах.

«Я на пенсіі, таму я паспела прачытаць. Тыя, хто прыйшоў з працы а пятай увечары, ужо гэтыя абвесткі ніхто не бачыў. ЖРЭУ было не ў курсе – яны нас супакоілі, што нічога будавацца не будзе», – узгадвае суседка пратэстоўцаў.

Жыхары дамоў сабралі некалькі соцень подпісаў

Зварот у гарвыканкам накіравалі з пытаннем: чаму без іхнага ведама і згоды ў іхным двары распачалася будоўля? Гэта і стала прычынаю візіту чыноўнікаў.

«Тут дваякая такая сітуацыя – жыхары не бачылі, але выканаўчая ўлада не будзе кожнаму ў кватэру заходзіць і пытацца», – зазначыў Уладзімір Скачак, галоўны архітэктар Магілёва.

А, можа, было б і варта запытацца?

Бо з чыіх падаткаў у тым ліку выканаўчая ўлада атрымлівае заробкі?

«Мы не дапусцім, мы будзем ваяваць да канца. Мы, калі трэба, перакрыем Пушкінскі праспект, выклікаем сюды прэзідэнцкую вертыкаль, абласныя ўлады, але не дазволім»,– запэўніў нязгодны з рашэннем уладаў мужчына, .

Што праўда, шанец, што ў скрайніх захадах не будзе патрэбы, ёсць. Кропка ў справе пакуль не пастаўленая, запэўніў галоўны архітэктар Уладзімер Скачак. І паабяцаў, што пры прыняцці канчатковага рашэння будуць улічаныя настроі грамадзянаў. Фінальнае рашэнне маюць агучыць васямнаццатага студзеня.

Лола Бурыева, «Белсат»