Ураган «Ірма» набліжаецца да Флорыды, эвакуююць больш за 5 млн асобаў


Раніца нядзелі стане выпрабаваннем для жыхароў усходняга ўзбярэжжа амерыканскае Флорыды.

Менавіта да таго часу час, паводле разлікаў навукоўцаў, ураган Ірма даляціць да гэтых мясцінаў. Рыхтаванне да прыроднага катаклізму ідзе поўнаю хадой.

«Мы перажылі ўраган «Эндру», і калі шчыра, гэта быў самы страшны час у маім жыцці. Тады я мела на руках дваіх дзяцей. Цяпер мы баімся. Гэты шторм мацнейшы за «Эндру». Нам кажуць, што няма чаго хвалявацца, але як можна быць спакойным, калі бачыш усё гэта?» – кажа жыхарка Маямі Эн Сэм’юэлз.

Ураган пад імем «Ірма» яшчэ толькі набірае моцы, але ўжо паспеў атрымаць характарыстыку самай магутнай Атлантычнай стыхіі стагоддзя. Тры дні таму ён абрынуўся на шэраг французскіх карыбскіх выспаў, дзе амаль дашчэнту знішчыў 95 % усіх пабудоваў і забраў жыцці 23 асобаў. Амерыканскія ўлады робяць усё, каб пазбегнуць чалавечых ахвяраў.

«Нашая мэта ў тым, каб па меры таго, як набліжаецца шторм, даць ведаць людзям, калі трэба пакінуць усе аўтастрады і дарогі. Мы працягваем казаць людзям: калі апоўначы вы будзеце за стырном, зʼязджайце з дарогі. У грамадскія сховішчы, да сваякоў, сяброў, але толькі не на дарогах», – распавядае губернатар Флорыды Рык Скот.

Пакуль ЗША рыхтуюцца да надыходу стыхіі, «Ірма» ударыла па ўсходняе частцы Кубы, вецер уздымае хвалі вышынёй да 6 метраў. Выспа свабоды правяла эвакуацыю яшчэ ўчора. Разам з турыстамі ў бяспечныя месцы былі перавезеныя нават гадаванцы заапаркаў і дэльфінарыяў.

«Жывёліны ў стрэсе, і мы ў стрэсе. Загружаем дэльфінаў у верталёт, шум, вышыня, змена ціску. Што праўда, з намі ляціць ветэрынар на выпадак праблемаў», – кажа працаўнік акварыуму імя Каё Гіллерма Баянтай Кўінтэра.

Не менш працы і на тэрыторыях, якія ўраган «Ірма» паспеў пакінуць. Разбураныя некалькімі днямі раней і вельмі папулярныя сярод турыстаў выспы Сінт Мартэн і Сэн-Бартэлэмі, якія перабываюць пад дацкім і французскім пратэктаратам, пачалі атрымоўваць гуманітарную дапамогу. Амаль усе з 40 тысячаў жыхароў гэтых малых карыбскіх дзяржаваў страцілі дах над галавою.

Ігар Кулей, belsat.eu