Урад прыдумаў, як перамагчы адкаты ў дзяржзакупах


Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў закон аб дзяржаўных закупах – самай карупцыйнай галіне эканомікі. Паводле Міністра антыманапольнага рэгулявання Ўладзіміра Калтовіча, хабарніцтва пры выдаткоўванні бюджэтных сродкаў плануецца змяніць праз большую адкрытасць і новыя тэхналогіі.

Каля мільярда долараў, або пяць рэспубліканскіх бюджэтаў на медычную дапамогу насельніцтву можа знікаць штогод у кішэнях карупцыянераў пры дзяржаўных закупах. Да гэткай высновы прыводзяць падлікі праекту «Кошт Ураду».

Напярэдадні Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў закон аб дзяржаўных закупах, якія маюць зменшыць карупцыйны чыннік праз большую адкрытасць.

«Крыху больш ясныя патрабаванні да дзяржаўных закупаў, плюс электронная сістэма, якая можа быць дастаткова даступнай», – тлумачыць яго сутнасць эканаміст Леанід Фрыдкін.

Гаворка – пра новую дзяржаўную інфармацыйна-аналітычную сістэму, якая запрацуе з сярэдзіны наступнага году. Асноўная яе функцыя ў тым, што яна спросціць кантрольным органам доступ да інфармацыі аб бюджэтных закупах і дасць магчымасць абскарджваць тэндары праз электронную заяву. Але, агулам, улады мяркуюць, што інструменты па супрацьдзеянні карупцыі ў Беларусі ўжо і так на досыць высокім узроўні.

Між тым, паводле прадстаўнікоў дзелавой супольнасці, сітуацыя з карупцыяй пры дзяржаўных закупах у Беларусі – значна больш драматычная, чым падаецца шараговым грамадзянам. Нават пры адкрытых тэндарах, урадоўцы маніпулююць імі трыма спосабамі.

Па-першае – абвяшчаюць умовы, пад якія падыходзіць толькі адзін набліжаны да іх падрадчык. Па-другое – аддаюць падрад па заведама заніжанай цане, а потым не публічна заключаюць з партнёрскай фірмай дадатковае пагадненне, паводле якога цана з нерэальна нізкай, часам, становіцца нерэальна высокай. Гэтак, берасцейская чыгунка пазалетась заключыла нерэальна танную дамову на прыборку з кампаніяй «Чысты свет», а потым адзін з супрацоўнікаў выпадкова выявіў умовы дадатковага патаемнага пагаднення, заключанага пасля тэндару.

Адмыслоўцы тлумачаць, што для рэальнага змяншэння адкатаў пры дзяржаўных закупах, грамадскасці ды медыям павінная быць адкрытая ўся інфармацыя аб кожнай закупцы – ня толькі тэндар, але і ўсе дакументы аб выкананні работы.

Другая праблема, гэта – разгалінаваная карупцыя ў саміх органах кантролю. Гэтак, пасля публікацыі «Белсату» аб свінакомплексе «Лідскі», які зліваў у раку свіныя адкіды, інспекцыя аховы прыроды пры кіраўніку краіны сфальсіфікавала вынікі аналізаў ракі, заявіўшы, што забруджання няма.

Падлог выявіўся пасля таго, як нам у рукі трапілі рэальныя вынікі аналізаў, праведзеныя тамтэйшай лабараторыяй аналітычнага кантролю. Іншае нашае расследаванне – аб парушэннях на Рагачоўскай кацельнай, – якое выявіла нанясенне шкоды дзяржаве на сотні тысяч долараў, мела вынікам дэпутацкія ды грамадскія пазовы ў пракуратуру, Мінпрыроды ды Камітэт дзяржаўнага кантролю. Але ж за чатыры тыдні пасля паступлення гэтых пазоваў, праверку на месцы парушэння не правяло аніводнае з гэтых ведамстваў.

Станіслаў Івашкевіч