Універсітэт з навучаннем па-беларуску з’явіцца ўжо праз год?


Цягам ужо колькіх гадоў у Беларусі не было вышэйшай навучальнай установы толькі з беларускаю моваю навучання. Цяпер жа сітуацыя можа змяніцца. Але ці атрымаецца адкрыць нацыянальны ўніверсітэт ды знайсці для яго не толькі адпаведных выкладчыкаў, але і студэнтаў?

Таварыства беларускай мовы атрымала пасведчанне аб юрыдычнай рэгістрацыі Нацыянальнага ўніверсітэту імя Ніла Гілевіча. Цяпер ідуць кансультацыі з Міністэрствам адукацыі наконт атрымання ліцэнзіі, якія могуць заняць каля трох месяцаў. Сёлета плануецца адкрыць падрыхтоўчыя курсы для будучых студэнтаў, а паўнавартаснае навучанне пачаць ужо на наступны год.

Сродкі для працы ВНУ плануецца прыцягваць пры дапамозе грантаў

А таксама з аплаты навучання студэнтамі. Паводле стваральнікаў, выкладчыкам універсітэту плануецца забяспечыць заробак не меншы за $ 500. А кошт навучання ва ўніверсітэце будзе каля сярэдняга па краіне на гуманітарных факультэтах. Для самых таленавітых студэнтаў навучанне будзе бясплатнае.

Плануецца адкрыццё трох факультэтаў – гуманітарнага, сацыялогіі ды мастацтваў, а таксама факультэту філалогіі, замежных моваў і перакладаў. Асобна збіраюцца адкрыць кафедру балтыйскіх моваў.

«На сённяшні дзень у базе дадзеных больш за 450 выкладчыкаў. Кожны дзень прыходзяць новыя рэзюмэ. І на аснове таго, што ў нас ёсць, мы стварылі статут, зарэгістравалі яго. Там 56 спецыяльнасцяў, якія мы ў стане ахапіць», – дзеліцца адзін са стваральнікаў універсітэту Алег Трусаў.

ВНУ з падобнымі мэтамі стварае і Аляксандр Мілінкевіч

Праўда, у ягонай установе навучанне плануецца дыстанцыйнае і паслядыпломнае. Асноўны ўхіл будзе рабіцца на перайманне досведу паспяховых рэформаў у краінах Еўропы, які можа быць скарыстаны ў Беларусі.

«Гэты ўніверсітэт будзе даваць дыпломы польскіх ВНУ для студэнтаў. Гэта не будзе новая навучальная ўстанова. І тую фундацыю, якую мы зарэгістравалі – яна называецца Вольны беларускі ўніверсітэт у Варшаве – гэта пасярэднік, аператар, арганізатар. Ён заключае дамовы з польскімі ўніверсітэтамі, яны навучаюць і даюць сваю сертыфікацыю – дыпломы», – тлумачыць Мілінкевіч.

Адпаведна, канкурэнцыі паміж праектамі Мілінкевіча і Трусава не прадугледжваецца ў прынцыпе – хутчэй, яны будуць дапаўняць адзін аднога. Неабходнасць жа ў іх вялікая. Паводле статыстыкі, у 2015 годзе выключна па-беларуску ў нашай краіне навучаліся ўсяго 300 студэнтаў або нуль цэлых чатыры дзясятыя адсотка.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: Vidmantas Balkunas / Anzenberger / Forum