Аб'ектыў 15.07.2018 Ультыматум для «Поедем поедим»


Каля рэстарану «Поедем поедим» побач з месцам масавых расстрэлаў у Курапатах працягваецца вахта добраахвотнікаў.

«Гэта справа гонару для кожнага беларуса. Нельга ў месцы дзе расстрэльвалі людзей дапускаць пляскі, спевы і забаву», – лічыць сябра партыі КХП-БНФ Ігар Шчамялёў.

Сёння ўсё выглядае мірна, але днём раней за тое, каб працягнуць акцыю на гэтым месцы, пікетоўцам давялося змагацца. Леанід Кулакоў, якога ў чэрвені збілі на машыне наведнікі рэстарану, зламаўшы яму руку, зноў апынуўся пад коламі.

«Я пачуў перагазоўку хуткасці, я не паспеў нават дабегчы да ходніку, як машына мяне збіла, бамперам мяне ўдарыла ў нагу, я ўпаў», – распавядае акалічнасці здарэння Леанід Кулакоў.

Але на гэтым няшчасці пікетоўцаў не скончыліся, бо ў атаку супраць іх пайшлі не толькі ахоўнікі скандальна вядомай страўні, але і ўласнікі, сярод якіх бізнесоўцы Леанід Зайдзес і Барыс Сурыс.

«Паламалі нам усе вуды, махаліся, хлопцам пабілі акуляры, а другі раз ён махаўся, пагражаў нам, сказаў: вас трэба ледзь не забіць, кажа: зараз дам у морду! Не даў, дарэчы. Я кажу: дай, ты сядзеш. Ён не даў», – кажа ўдзельніца пікету каля рэстарацыі Вольга Мікалайчык.

Відавочна, што ўласнікам рэстарану, якія раней нібыта хацелі дамаўляцца з пратэстоўцамі, больш не да перамоваў. Ад размоваў яны перайшлі да сілавых дзеянняў. Узнікае пытанне: а што на гэта людзі ў пагонах, якія бесперапынна дзяжураць каля месца акцыі?

«Увечары сюды прыехалі Зайдзес і Сурыс. На іхны загад ахова рэстарану напала на пікетоўцаў і пачала збіваць. Пры гэтым міліцыя назірала за гэтым здалёк, нічога не робячы. Тое, што тут цяпер адбываецца, гэта бандытызм. І ўладальнікі «Поедем поедим» паказалі свой твар, гэта проста бандыты», – мяркуе сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец.

У адказ на атаку Павел Севярынец набраў праз тэлефон галоўнага акцыянера скандальнай закусачнай Леаніда Зайдзеса і паставіў яму ўльтыматум.

«У вас ёсць тры дні на тое, каб прыняць рашэнне выводзіць гэты рэстаран з Курапатаў. Мы як абаронцы мемарыялу гатовыя яго вам бясплатна дапамагчы дэмантаваць і перанесці. Гэта апошняя прапанова, яна дзее тры дні. Мы вам не пагражаем, я вас проста папярэджваю…», – сказаў Севярынец.

Ігар Кулей, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары