Улады знішчылі гаспадарку вяскоўца. Паабяцалі заплаціць і падманулі


У вёсцы Страдубка, што на Гомельшчыне, з працаю не найлепшая сітуацыя. А таму малады, актыўны, з ветэрынарнай адукацыяй Іван Хвоін пастанавіў займацца ўласнаю гаспадаркаю. За больш як паўсотняю свіней ён рупліва даглядаў як за малымі дзецьмі. Але летась у жніўні дзве свінні здохлі. Іван, як належыць у такой сітуацыі, звярнуўся да мясцовага ветэрынара, аднак вынікаў экспертызы яму не паказалі.

«Яна ведала, што ў мяне такая ж адукацыя як у яе і мой дыплом куплены не за сала, яна ведала, што я зразумею, што паталага-анатамічная экспертыза не адпавядае сапраўднай рэчаіснасці», – узгадвае Іван Хвоін.

Іван са слязамі на вачах узгадвае тое, што адбывалася далей

Улады сцвердзілі, што жывёліны былі хворыя на свіную чуму, іх закапалі тут жа, у двары. А каб хвароба не перанеслася, забілі яшчэ 53 свінні, хлявы ж, дзе жыло пагалоўе, разабралі і спалілі. У такой сітуацыі паратунак адзін – грашовая кампенсацыя ад уладаў.

«Яны павінныя выплаціць поўную кампенсацыю тых стратаў, якія панёс чалавек, бо ў яго была канфіскаваная такая колькасць яго ўласнай маёмасці – жывёлаў. Ён жа не фермер, у яго прыватная гаспадарка, а ён гэтага пазбавіўся», – тлумачыць юрыдычны бок справы праваабаронца Алесь Яўсеенка.

Івану мусілі яшчэ летась выплаціць Br 5300

Але грошай няма дасюль, бо бракуе адной, але самай важнай паперы.

«Мне акт аб із’яціі жывёлінаў далі, але пасля прапанавалі яго перапісаць, а калі яго перапісалі, мне адмовілі ў атрыманні майго першага экзэмпляру, які мае фінансавую і юрыдычную значнасць. Першы экзэмпляр для таго, каб атрымаць грошы», – кажа гаспадар-небарака.

Іван скардзіўся ў міліцыю, дамагаўся справядлівасці ў раённым і абласным выканкамах, але безвынікова. Не жадае дапамагчы і ветэрынар Лоеўскага раёну, які адмаўляецца каментаваць сітуацыю.

Свінкі былі здаровымі?

Нявыплата кампенсацыі ды тое, як расправіліся з жывёлінамі, змушае Івана думаць, што небяспечнай хваробы ў ягоным пагалоўі ўвогуле не было.

«Калі ліквідуецца чума, то ствараюцца санітарныя зоны, абвяшчаецца небяспечны ачаг, небяспечны пункт, абвяшчаецца першая небяспечная зона, другая небяспечная зона, уводзіцца нават войска, каб толькі не распаўсюдзілася гэтая хвароба. Тое, што я бачу ў нас – гэта проста адбіранне маёмасці», – даводзіць спадар Хвоін.

Пры такой сітуацыі ў збанкрутаваных вяскоўцаў няма магчымасці аднавіць гаспадарку. У Івана – адна назва для такіх метадаў: свінскія.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum