Аб'ектыў 21.08.2017 Будаўніцтву на могілках – «не!». Актывіст змагаецца за памяць


Журналіст і ўрбаніст Сяргей Ляпін ужо трэці месяц змагаецца за праўду з гомельскімі судамі. Прычынай сталася ягонае расследаванне пра будаўніцтва гмаху на месцы былых габрэйскіх могілак.

Гомельскія актывісты напісалі да Міністэрства культуры зварот з патрабаваннем правесці паўнавартасныя раскопкі – толькі ў адказ атрымалі адпіску, а сама будоўля ідзе ўжо чацвёрты месяц. Паставіць кропкі над «і» вырашыла дзяржаўная газета «Гомельская праўда» – у нібыта выкрывальным артыкуле яна назвала Ляпіна правакатарам ды прыгразіла судовымі разборамі тым, хто крытыкуе гэтае будаўніцтва.

«У апошнія 3 месяцы сутыкнуўся з каласальнай увагай праваахоўных органаў, лічу што гэта такая форма пераследу бо канкрэтна ў гэтым выпадку ўздым пытання будаўніцтва на могілках вельмі закрануў чыісці інтарэсы», – зазначыў незалежны журналіст.

Пазоў на журналіста склала і кампанія-забудоўнік «УКС-ДРОНГО»

Кампрамісу бакі знайсці не змаглі. Сяргей Ляпін будзе судзіцца далей, бо, на ягоную думку, у абароне помнікаў кампрамісаў быць не можа. Гэткай жа пазіцыі прытрымліваецца і старшыня Сусветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман – яшчэ 2 тыдні таму ён звярнуўся з пазовам, каб прыпыніць забудову, але суд Цэнтральнага раёну Гомля яго адхіліў.

«Суддзя фактычна пазбавіў права мяне – не толькі мяне, размова ідзе пра сотні тысяч чалавек – пазбавіў магчымасці клапаціцца пра могілкі продкаў», – абураецца спадар Гутман.

Паводле суддзі Вольгі Вараненкі, Гутман падаваць такі пазоў у суд нібы не мае права – бо такі пазоў не можа разглядацца ў судах з прычыны яго непадведамнасці.

Паралельна змаганне за габрэйскія могілкі ідзе і ў Мазыры

Там на праспекце Пушкіна таксама хочуць пабудаваць шматпавярховік. Але і гэты пазоў ад Якава Гутмана суд разглядаць адмовіўся – аднак спыняцца абаронцы могілак не збіраюцца.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: Baz Ratner / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары