Аб'ектыў 30.10.2017 Улады зладзілі судовы канвеер над белсатаўцамі


Чатыры асуджаныя ў Менску і адная затрыманая ў Магілёве. Такі лік сённяшняга дня ў даўнім супрацьстаянні ўладаў Беларусі і незалежных журналістаў. Ціск на тых, хто так ці іначай звязаны з тэлеканалам «Белсат», працягваецца.

Не страчваць прысутнасці духу ў самай крытычнай сітуацыі

Хочацца верыць, што такой жыццёвай пазіцыі прытрымліваюцца журналісты нашага тэлеканалу. Прынамсі, не губляюць пачуцця гумару падчас усебаковага ціску ўладаў.

Своеасаблівы флэш-моб судоў – гэтак нашая калега акрэсліла хвалю СМС-позваў да белсатаўцаў каля двух тыдняў таму.

Сёння ж адбыліся два адміністратыўныя працэсы над журналістамі Андрусём Козелам і Вольгаю Чайчыц ды Алесем Баразенкам і Ганнай Аземшай.

«Нам баліць, калі маладыя хлопцы гінуць у войску. Нам баліць, калі маці інваліда хоча прадаць сваю нырку, каб у яе не адабралі дзіця. Нам баліць увогуле тое, што адбываецца ў гэтай краіне. Мы будзем распавядаць пра гэта, нягледзячы на ніякія штрафы», – зазначыла спадарыня Аземша.

«Мы збіраем інфармацыю. Мы збіраем яе сырой – такой, якая яна ёсць. І гэта нашае канстытуцыйнае права, якое мы выконваем і надалей збіраемся выконваць», – дадаў Андрусь Козел.

Месца дзеяння – суд Цэнтральнага раёну сталіцы

Суддзя – Вікторыя Шабуня. Сведка абвінавачання – міліцыянер Дзмітрый Кротаў.

Рашэнне суда, чакана, не на карысць нашых калегаў. На падставе сведчанняў праваахоўніка і скрыншотаў інтэрнэт-старонкі «Белсату» са стрымамі з акцыяў пратэсту супраць вучэнняў «Захад-2017» Вольга Чайчыц і Андрусь Козел атрымалі штрафы – кожны больш як па Br 1000, Ганна Аземша і Алесь Баразенка – больш як па Br 500.

«Ад пачатку года было 50 судовых паседжанняў па незаконным вырабе ці распаўсюдзе прадукцыі СМІ. Колькасць штрафаў у грошах набліжаецца да $ 20 тыс. Ідзе мэтанакіраваны ціск на журналістаў «Белсату», – упэўнены Аляксей Мінчонак, афіцыйны прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі.

Журналістаў вінавацяць у працы без акрэдытацыі на замежныя медыі

Беларуская асацыяцыя журналістаў звяртае ўвагу на неправамернасць выкарыстання адпаведнага артыкулу Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях.

«Адказнасць па дадзеным артыкуле прадугледжана за незаконны выраб альбо распаўсюд прадукцыі СМІ. Па беларускім заканадаўстве, выраб прадукцыі СМІ – кампетэнцыя выключна рэдакцыі, то бок юрыдычнай асобы, але не журналістаў», – даводзіць БАЖ.

Магілёўскія праваахоўнікі затрымалі журналістку Аліну Скрабунову

Аліна раней атрымала СМС з невядомага нумару з запрашэннем на размову ў міліцыю. Паводле дзяўчыны, трое ў цывільным падышлі да яе падчас здымкаў, назваўся з іх толькі адзін. У выніку ў Ленінскім РАУСе на Скрабунову склалі тры адміністратыўныя пратаколы і адпусцілі. Наперадзе – суд.

Лола Бурыева, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары