Аб'ектыў 04.10.2018 Улады «вырашылі зрабіць спектакль» і арыштавалі Севярынца


У Менскі райсуд Паўла Севярынца прывезлі ў другой палове дня. Актывіста абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі ды пакаралі штрафам на 1225 рублёў. Перад пачаткам паседжання палітык казаў, што ўжо рыхтаваўся да чарговых содняў. За чатыры месяцы пратэстаў у Курапатах за кратамі Севярынец правеў больш за месяц. Ён жа распавёў пра ўчорашні інцыдэнт.

Павел Севярынец, сустаршыня партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя:

«Дубкову мы не пускалі кожнага разу, прынцыповае пытанне, яна дырэктарка рэстарацыі, але ўчора чамусьці вырашылі зрабіць спектакль і арыштаваць».

Напярэдадні падчас пікетавання рэстарану «Паедзем паядзім» актывісты спынілі аўтамабіль кіраўніцы ўстановы Святланы Дубковай, якая і звярнулася да праваахоўнікаў. У выніку сустаршыня БХД Павел Севярынец ноч правёў у ізалятары часовага ўтрымання. Што да курапацкай варты, актывісты плануюць працягваць акцыю прынамсі да Дзядоў. Віталь Рымашэўскі, сустаршыня партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя:

«Часам прыходзіш у роспач ад размоваў з тымі, хто стаіць па той бок абароны Курапатаў. Там стаяць спецслужбы, супрацоўнікі рэстарацыі… І ў іх, вядома, тэзісы з часоў Савецкага Саюзу, яны даходзяць да таго, што ледзь не апраўдваюць Сталіна».

Чарговы суд над лідарам пратэстаў супраць рэстарану «Паедзем паядзім» прайшоў на фоне заявы кіраўніка грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу ў Курапатах Алеся Чахольскага, які прапанаваў паставіць афіцыйны помнік ў іншым месцы мемарыялу. Гэтую ідэю падтрымалі і пікетоўцы «Паедзем паядзім». Алесь Чахольскі, кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу ў Курапатах:

«Я звяртаюся да мастацкай рэспубліканскай рады: давайце сустрэнемся, калі трэба, я гатовы на гэтую тэму гаварыць. Мы разам упарадкуем гэтае месца якраз на ўваходзе, грамадскасць гатовая ўзяць у гэтым удзел, збіраюцца ахвяраванні на «Талацэ.орг», зробім нармальную брукаванку, мы гэтае месца можам разам нармальна ўпарадкаваць».

Дыскусія вакол афіцыйнага ўшанавання памяці рэпрэсаваных ідзе ўжо другі год. Адным з галоўных лабістаў у пытанні дыялогу дзяржавы і грамадскасці да апошняга часу быў Павел Якубовіч, але пасля ягонай адстаўкі з пасады галоўнага рэдактара газеты адміністрацыі прэзідэнта праблема Курапатаў практычна знікла з дзяржаўных медыяў.

АН, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары