Улады вядуць пераслед нязгодных з падаткам на дармаедства


Народ абураецца, апазіцыя народны гнеў накіроўвае, прынамсі, у два рэчышчы: збірае подпісы за адмену дэкрэту аб дармаедстве ды рыхтуе пратэставыя акцыі недармаедаў. Цяпер некаторыя абʼяднанні падводзяць вынікі збору подпісаў, а іншыя ладзяць яркія флэшмобы.

Падатак з беспрацоўных – абсурд? Але можа быць яшчэ горш!

У гэтым перакананыя актывісты грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва». Калі ўлады патрабуюць грошы з тых, хто іх не зарабляе, то чаму не браць з усіх ды за ўсё: за паветра і сонца, снег і дождж?

Флэш-моб альтэрнатываўцаў выклікаў вялікую цікаўнасць і падтрыманне людзей, якія выказвалі сваё абурэнне і прапановы новых абсурдных, але не для ўладаў Беларусі, падаткаў.

«Пра што вы не можаце падумаць, на тое і могуць быць падаткі», – жартаўліва зазначыў адзін з жыхароў Менску.

Міліцыянтам падатак таксама не падабаецца

Нават супрацоўнікі МУС, якія прыйшлі перапісаць звесткі арганізатараў акцыі, уважліва глядзелі ды нават ківалі галовамі на знак згоды.

Страх у людзей знікае, але і ўлады не спяць

Першыя акцыі супраць дэкрэту адбыліся яшчэ 20 месяцаў таму, але менавіта цяпер пратэставыя настроі ўзмацніліся. У сталіцы ды рэгіёнах людзі без боязі абураюцца, з задавальненнем пакідаючы подпісы за адмену дэкрэту аб дармаедстве.

Але і ўлады ўзмацняюць захады, каб зменшыць праявы людское незадаволенасці.

«Бюджэтная сфера (райздравы, райано) збіраюць дырэктараў і гавораць: «Правядзіце працу, каб людзі ні ў якім разе не падпісваліся супраць дэкрэту», – распавядае Генадзь Фядыніч, старшыня беларускага прафсаюзу «РЭП».

У Гомлі кіраўнікі арганізацыяў збіральнікам подпісаў пагражаюць міліцыяй і … КДБ

У Бабруйску Аркушы з тысячаю подпісаў былі сканфіскаваныя, а падпісантаў абтэлефанавалі. Актывістка, якая збірала гэтыя подпісы, меркавала, што тэлефанаванне з міліцыі напалохае людзей, але выявілася, што ніводзін чалавек не адмовіўся ад свайго подпісу!

«У мяне міліцыя забрала іх у суботу і вярнулі толькі ўчора позна ўвечары і сёння я з імі прыехала ў Менск», – кажа Галіна Смірнова, прадстаўніца прафсаюзу РЭП.

Рэгіянальныя прадстаўнікі незалежнага прафсаюзу РЭП ужо заўтра перададуць сабраныя іхнай арганізацыяй 25 тысяч подпісаў у дзяржаўныя ўстановы.

Актыўна збіраюцца подпісы і сябрамі Абʼяднанай грамадзянскай партыі

Гэтак, пад яе петыцыяй падпісаліся без малога 60 тысячаў чалавек, на гарадскіх вуліцах актывісты сабралі яшчэ 10 тысяч подпісаў. І на гэтым збор не канчаецца, як сцвярджаюць актывісты, ахвочых падпісацца з кожным днём становіцца ўсё болей.

Вольга Старасціна, «Белсат»