Улады стварылі электронную базу «дармаедаў»


З сёння ў Беларусі пачынае працаваць электронная база звестак пра занятае і не занятае ў эканоміцы насельніцтва.

Метады савецкага мінулага – пры дапамозе тэхналогіяў XXI стагоддзя. Гэтак можна акрэсліць распрацоўку камп’ютарнай праграмы, прафінансаванай Міністэрствам інфармацыі, якая мае аб’яднаць масівы звестак пра беларусаў з усіх астатніх міністэрстваў з мэтаю вылічыць, хто з іх не бярэ ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.

Як паведамілі «Белсату» ў адміністрацыі Савецкага раёну Менску, спісы будуць складзеныя да 1-га лютага наступнага года, гэтак званым дармаедам выставяць рахункі платы за жыллёва-камунальныя паслугі паводле павялічаных тарыфаў за студзень. Паводле згаданай крыніцы, на сёння дакладна вядома, што дармаеды павінныя будуць аплочваць 100 % сабекошту за гарачую ваду, ацяпленне і газ. То бок ацяпленне, напрыклад, падаражэе для дармаедаў у пяць разоў.

Абноўлены дэкрэт аб дармаедах, які цяпер называюць дэкрэтам нумар адзін, прадугледжвае шэраг умоваў, пры якіх чалавек можа апратэставаць сваё ўлучэнне ў названы спіс. Гэта, напрыклад, тыя, хто даглядае за дзецьмі да сямі гадоў або за старэйшымі дзецьмі, калі іх больш за двое ці калі адно з іх інвалід. Тыя, хто страціў працу, не будуць лічыцца дармаедамі цягам трох месяцаў. Калі іх звольнілі праз скарачэнне, то цягам паўгода. Гэтыя ды іншыя абставіны ў індывідуальным парадку будуць разглядаць адмысловыя камісіі. Падрабязную кансультацыю чалавек, які трапіў у дармаедскі спіс, можа атрымаць у незалежных прафсаюзаў і ў праваабаронцаў.

«Можна абскардзіць. Ёсць для гэтага канстытуцыя, законы аб зваротах грамадзянаў і ёсць Грамадзянскі працэсуальны кодэкс», – кажа кіраўнік грамадскага аб’яднання «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.

Але нават калі вам удасца апратэставаць сваё ўлучэнне ў спіс дармаедаў, вылучыць з яго вас могуць толькі ў другім квартале наступнага года. Першы квартал тарыфы давядзецца плаціць павялічаныя. Каб пазбегнуць гэтага, трэба звяртацца ў мясцовыя адміністрацыі ўжо ў снежні і самому праверыць – ёсць вы ў спісе ці не, і калі так, то апратэстоўваць гэта да 1-га лютага. Міжнародная арганізацыя працы ды бальшыня беларускіх праваабаронцаў мяркуюць, што дэкрэт нумар 1 супярэчыць міжнародным нормам і Канстытуцыі Беларусі.

«Я бачу, што гэта крок назад – у мінулае стагоддзе, калі ў Савецкім Саюзе прымушалі людзей працаваць», – дадае Волчак.

Папярэднюю версію дэкрэту аб дармаедах, знаную як дэкрэт нумар тры, улады былі вымушаныя адмяніць летась пасля масавых пратэстаў па ўсёй Беларусі. Тое, што дэкрэт ізноў уводзяць у абноўленай форме, праваабаронца Алег Волчак тлумачыць нястачаю бюджэтных сродкаў і спробаю павялічыць попыт на нізкааплатныя вакансіі.

Як паказала расследаванне «Белсату», камунальныя тарыфы, якія гэтак званыя дармаеды павінныя будуць аплочваць паводле сабекошту, могуць быць завышаныя прынамсі на траціну, дзякуючы распілу бюджэтных сродкаў прыватнымі кампаніямі, набліжанымі да кіраўніцтва «Белэнерга».

Станіслаў Івашкевіч