Аб'ектыў 10.01.2018 Улады прагулялі беспрацоўю. Што далей?


Было мала, а стала яшчэ менш. Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных цягам апошніх 9 месяцаў стала змяншаецца. На пачатак студзеня ў краіне іх налічвалася 22 863 асобаў.

Да афіцыйнага паказніку беспрацоўя, то бок уліку толькі тых, хто стаіць на біржы працы, у незалежных эканамістаў і Міжнароднай арганізацыі працы даўно шмат пытанняў. Рэальнай лічбаю беспрацоўя некаторыя называюць не 0,5 %, а каля 6 %.

Летась ва ўрадзе згадвалі неабходнасць павысіць дапамогу беспрацоўным

Але размовы скончыліся нічым. У 2018-ым падвышэння не будзе. Беларуская дапамога застаецца самая нізкая сярод суседзяў – на ўзроўні Br 25 ($ 12). Ва Украіне тыя, хто мае стаж прынамсі паўгода, могуць разлічваць на $ 45 у эквіваленце, у Расеі дапамога можа дасягаць $ 86.

Некаторыя эксперты ў ранейшым, нязначным падвышэнні зарэгістраваных беспрацоўных да 1 % бачаць уплыў «Дэкрэту № 3» – людзі папросту хацелі пазбегнуць штрафаў за гэтак званае «дармаедства». Сам скандальны дэкрэт, які справакаваў увесну масавыя пратэсты, вернецца толькі ў 2019 годзе. Чыноўнікі паўтараюць: гэты дакумент закліканы дапамагчы працаўладкавацца.

Загад Лукашэнкі «даць усім працу» чыноўнікі працягваюць выконваць

Як водзіцца, загад выконваюць з выкарыстаннем адміністратыўнага рэсурсу. Напрыканцы снежня шэраг сталічных прадпрыемстваў атрымалі рэкамендацыю ад адміністрацыі Савецкага раёну ў працаўладкаванні. Ад некаторых кампаніяў чакаюць наймання нават дадатковых двухсот чалавек, хоць санкцыі за невыкананне не прадугледжаныя.

«Самыя па сабе працоўныя месцы можна стварыць, але неабходна яшчэ забяспечыць адэкватны прыбытак, адэкватны заробак на гэтых месцах», – тлумачыць фінансавы кансультант Міхаіл Грачоў.

Прапановы біржы працы не адпавядаюць самым сціплым чаканням

«Людзі не хочуць працаваць за 200 рублёў. Гэта не дае магчымасць карміць сям’ю, не дае магчымасць існаваць як чалавеку», – зазначыў выпадковы мінак падчас здымак гэтага сюжэту.

Таму паводле прымусу збудаваць краіну мараў, дзе беспрацоўя не існуе, так проста не атрымаецца.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары