Улады помсцяць РЭП за ўдзел у пратэстах


Хібы доказнай базы, дыскрэдытацыя лідараў і стварэнне перашкодаў. Гэтак, праваабаронцы акрэсліваюць крымінальную справу супраць кіраўніцтва прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. У судзе Савецкага раёну Менску скончыўся сёмы дзень разгляду справы РЭП.

Праз недастатковую колькасць сведкаў змянілі парадак вядзення працэсу: спачатку разглядаліся пісьмовыя справы ды агучваліся запыты беларускага боку ў Швецыю і Данію. Як высветлілася, ніякага адказу беларускі бок не атрымаў. Былы палітзняволены і праваабаронца Алесь Бяляцкі, які наведаў суд, лічыць справу палітызаванаю.

«Гэты судовы працэс, увогуле пераслед прафсаюзаў адбываецца ў агульным кантэксце пераследу любых незалежных ініцыятываў, што па-за ўплывам беларускіх уладаў. Гэта бачна і па незалежнай прэсе», – кажа Алесь Бяляцкі.

Генадзя Фядыніча ды Ігара Комліка, старшыню і бухгалтара незалежнага прафсаюзу РЭП, як калісьці Бяляцкага, падазраюць у няплаце падаткаў з атрыманых у 2011-ым-12-ым гадах грошай.

«Я гэта звязваю з перыядам наступных 2019-20 гадоў, калі ў нас будуць адбывацца парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Відавочна, улады ўжо пачалі рыхтавацца, як гэта было раней», – кажа Алесь Бяляцкі.

Паводле Генадзя Фядыніча, улады помсцяць прафзвязу ў тым ліку за яго чынны ўдзел у леташніх акцыях пратэсту. Але такога рэзанансу наўрад ці чакалі.

«Вырашылі раздзьмуць гэтую справу, паказаць нешта, а вось што далей з ёю рабіць, на мой погляд, яны цяпер і самі не ведаюць», – кажа Геннадзь Фядыніч.

Максімальнае пакаранне, якое пагражае праваабаронцам, – да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. За працэсам сочаць міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Паводле праваабаронцаў, Фядыніча і Комліка могуць прызнаць палітзняволенымі.

Сцяпан Святлоў belsat.eu