Улады помсцяць актывістам рэйдарскім захопам лыжак


Пратэставала на мірных акцыях – апішуць і забяруць мэблю і посуд. Асвятляў пратэст супраць дэкрэту аб дармаедах – адсядзі 15 сутак, сачыла за хадой мітынгу з пункту гледжання праваабаронцы – заплаці штраф. «Беларускае правасуддзе» не спыняе канвеер нават у гадавіну Чарнобыльскай катастрофы.

«Мамін шлюбны сэрвіс (таты ўжо няма). Мельхіёравыя лыжкі, секцыя – мама марыла ўсё жыццё пра такую секцыю. 10 год таму набыла», – распавядае Вольга Нікалайчык.

Рэчы, якія наўрад ці можна задорага прадаць, але дарагія для ўспамінаў з дому актывісткі Вольгі Нікалайчык ды ейнай маці Ліліі Нікалайчык сканфіскуюць ужо праз 10 дзён – у залік штрафаў, якія далі Вользе за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Іх сума набліжаецца да $ 9 тыс.

«Фактычна сёння дзяржава, на вачах у маіх паплечнікаў і сяброў, аднадумцаў зрабіла захоп маёй маёмасці за свабоду слова, проста рэйдарскі захоп усяго таго, што належыць маёй маме», – абураецца актывістка.

Адзіная магчымасць захаваць маёмасць – даказаць, што яна належаць не Вользе, а ейнай маці. Для гэтага трэба паказаць чэкі. Аднак хто ж трымае чэкі за рэчы, набытыя 10, 20 ці 30 гадоў таму? Лілія Нікалайчык збіраецца прасіць дапамогі ў сеціве.

Звярнуцца па дапамогу праз інтэрнэт не атрымаецца ў журналіста «Белсату» ды блогера Сяргея Пятрухіна з Берасця, вядомага з расследаванняў, апублікаваных на сайце «Народны рэпарцёр». Журналіста затрымалі на польска-беларускай мяжы і адправілі адбываць 15 содняў, якімі пакаралі за пратэсты супраць дэкрэту № 3. Сяргей ведаў, што яго адправяць за краты, і ведаў, за што.

«Людзі зразумелі, што ім дзяржаўныя медыі нічога не распавядаюць, і яны шукаюць інфармацыю. Самі разумееце, што цяпер нават любая жанчына, у якой няма акаўнту ў сацсетках, шукае інфармацыю на «Белсаце» ці на «Свабодзе» – яны не глядзяць БТ», – даводзіў блогер.

Караюць і тых, хто абараняе рэпрэсаваных

Паплечніцу Алеся Бяляцкага, праваабаронцу Таццяну Равяку з цэнтру «Вясна» аштрафавалі на Br 460 – нібыта за лаянку і супраціўленне міліцыі. Хоць відэа з затрымання на акцыі 25-га сакавіка сведчыць, што ні таго, ні другога не было.

Марына Вашкевіч, «Белсат»