Як улады перашкаджаюць адзінаму апазіцыйнаму дэпутату ў Бярозаўскім райсавеце


Адзін з двух апазіцыйных кандыдатаў сярод больш як чатырох дзясяткаў асобаў ад улады. Вальшчык лесу з Івацэвіцкага лясгасу і чалец аргкамітэту для стварэння партыі БХД Валер Білібуха ўжо другі раз прэтэндуе на мандат у Бярозаўскім раённым савеце дэпутатаў. Аднак барацьбу, і то нават не за галасы выбарнікаў, быў змушаны распачаць ужо цяпер.

Разбітыя дарогі, брудная водаправодная вада, намаганні чыноўнікаў зачыніць адзіную на вёску краму. Гэтымі ды іншымі праблемамі жыхароў вёскі Кабакі паспяхова займаўся адзіны дэпутат ад апазіцыі ў мясцовым савеце Бярозаўскага раёну бягучага склікання Валер Білібуха.

«Два гады таму абралі мы па вуліцы Паўночнай, Садовай і Моладзевай кандыдатам у дэпутаты Білібуху Валера. Яго зарэгістравалі, ён набраў бальшыню галасоў», – кажа жыхар вёскі Кабакі.

А дакладней – дзевяноста адсоткаў. На сёлетніх мясцовых выбарах дэпутат пастанавіў паўтарыць поспех.

«Падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Дакументы прынялі».

Аднак, на меркаванне жыхароў, мясцовыя ўлады вырашылі адсекчы электарат, напрацаваны дэпутатам, а цяпер і кандыдатам на дэпутата ў Першамайскі сельсавет і Бярозаўскі раённы савет.

«Таму што ён задаваў шмат цікавых пытанняў і патрабаваў, каб яго акруга была добрая, канкрэтная, зыходзячы з прапановаў людзей. Вядома, што гэты кандыдат прапаноўваў прывесці тры вуліцы ў парадак, што гэты кандыдат адстойваў інтарэсы канкрэтных грамадзянаў», – распавядае праваабаронца Валянцін Лазарэнкаў.

Напрыканцы мінулага месяца стала вядома, што межы акругі, з якою мае працаваць Валер Білібуха, змянілі. У яе ўключылі вуліцу Саўгасную.

«А дзе самы аграгарадок і ўся моладзь, насельніцтва ўсё, масавасць забралі ад яго, аддалі другому дэпутату. Я асабіста сам збіраў подпісы, каб нашаму дэпутату вярнулі нашыя вуліцы», – распавядае жыхар вёскі.

За тыдзень пад зваротам падпісаліся трыццаць чатыры асобы.

«Людзі напісалі звароты, пачынаючы з камісіі Сельскага савету, раённую, Савет дэпутатаў, абласную і ў ЦВК. Патрабуюць, каб вярнулі вуліцы назад, каб я застаўся іх дэпутатам», – кажа Валер Білбуха.

Ці прыслухаюцца адказныя чыноўнікі да патрабавання жыхароў вёскі Кабакі – мы будзем сачыць за развіццём сітуацыі.

Чарговыя выбары дэпутатаў мясцовых саветаў запланаваныя на васямнаццатага лютага.

Лола Бурыева, «Белсат»