Улады пастанавілі зараўнаваць Менск у бетон


Сталічны Зялёны луг замяняюць у каменныя джунглі. Не дапамаглі ні абурэнні, ні супраціў жыхароў. На мапе Менску як грыбы растуць новыя высоткі. А знікае зеляніна, дрэвы і паркі. Менчукі крычаць, каб спынілі будоўлю.

Улады кажуць, што стараюцца для людзей, але робяць па-свойму

На вуліцы Каліноўскага, у тым ліку на месцы электралініяў, улады плануюць збудаваць тры кварталы з вышыннымі жылымі комплексамі. Агулам прыблізна 250 тысячаў квадратных метраў новага жытла. Па падліках гэта каля 8500 дадатковых жыхароў.

У мікрараёне дзве паліклінікі – дзіцячая і дарослая. У іх ужо складана трапіць, бо цягам апошніх чатырох гадоў у паліклініках пачалі абслугоўваць жыхароў вялізнага комплексу «Маяк Менску».

Замест паліклінік, школаў і садкоў, патрэбных жыхарам раёну, улады маюць намер пабудаваць гандлёвы цэнтр, паркінгі, амбулаторыю ды аптэку. Хто будзе забудоўнікам, людзі на прэзентацыі гэтак і не даведаліся.

З пачатку года кожны праект дэталёвага планавання змяншае колькасць зялёных насаджэнняў. Гэты не выключэнне.

«Генплан горада Менск прадугледжвае 21 квадратны метр зеляніны на кожнага жыхара, але сёння гэта норма толькі пажаданая, яна не выконваецца. Менавіта таму, у 2015-ым годзе, калі разглядаўся генплан, вялікія лясы каля Менскага мора былі ўключаны ў Менск», – зазначыў Дзяніс Кобрусеў, каардынатар кампаніі «Генплан – для менчукоў».

На прэзентацыі прысутнічалі 300 чалавек

Усе яны выступалі супраць ініцыятывы «Менскграда» пра ўшчыльненне мікрараёну. Улады запэўнілі, што звярнуць на гэта ўвагу.

Ці так гэта насамрэч – можна будзе даведацца неўзабаве. Ініцыятыўная група сабрала подпісы незадаволеных менчукоў і склала калектыўны зварот са спасылкамі на законы, якія парушаюцца пры рэалізацыі гэтага праекту, у адміністрацыю Першамайскага раёну.

Валерыя Уласік, «Белсат», фота: metr.by